Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, хлопцы: зараз дамо жару!
Саб’ём пасадаў яшчэ з пару. —
Снапы ў радочкі палажылі,
Так і дзяды яшчэ вучылі,
Каб каласы ды з каласамі,
А да пярылаў гузырамі.
— Ну, грымнем, хлопцы, каб зьвінела! —
І пяць цапоў ідуць у дзела!
Не малацьба, а бубнаў хоры!
Здаецца-б цэпам вадзіў хворы!
Бічы кладуцца так рытмічна,
Само гудзеньне іх музычна;
Снапы ня ўлежаць, скачуць самі
І сыплюць жыта пад бічамі,
А дзядзька рэй вядзе, гукае
Й адным крыкам памагае:
— Дай, дай яму, брат! дай з-за вуха!
Гэ-гэх, скачы, баба-псяюха! —
Гудуць цапы ўгары праворна,
Ідзе работа дружна, спорна,
Аж падшыбае ўсіх ахвота,
Бо мае свой захоп работа.
Вось так адно другім мянялась,
Затым яно й не прыядалась,
Калі было ўсё ў меру, ў пору,
І гладка йшло ўсё тут угору.
Таксама вечар свае бавы
Нясе з сабой ня менш цікавы
І асабліва перад сьвятам,
Калі, бывала, дзядзька з татам,
А з імі часам гэтак сама
Удзел жывы прыймае мама,
Пачнуць казаць свае ўспамінкі,
Вясьці размовы пра старынкі,
Пра нязвычайныя здарэньні
І ім даваць тут тлумачэньні.
Цяпер камінак спачывае,
А хату лямпа асьвятляе,
Але маркотна і тужліва,
А цені страшна і маўкліва,
То затрасуцца, затанцуюць,
Як-бы каго яны пільнуюць,
То заспакояцца зацята,