Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А хто-ж то быў, цьфу, праваліся?! —
Спытаў дарэктар, трасучыся:
Яго той страх нашчэнт занудзіў
— Ці не Янчур там рыбу вудзіў, —
Азваўся дзядзька не бяз жарту.
А ўсе маўчаць, глядзяць упарта.
Да дзядзькі бліжай хлопец жмецца:
Яму, чорт знае, што здаецца.
У хаце стала больш страхліва.
З-за вокан ноч глядзіць маўкліва,
І гэта ноч як-бы жывая
І быццам нешта яна знае,
Але аб тым казаць ня хоча,
Бо на размовы неахвоча,
А на двары дзесь каля будкі
Чагось брахнуў сабака чуткі,
Брахнуў і змоўк, бы страшна стала,
І ноч брахаць не пазваляла.
Аслаблі ў Яські ўсе тут гайкі.
— Э, глупства ўсё, ня больш, як байкі! —
Міхась азваўся: — хто баіцца,
Таму ўсё можа налучыцца.
На што вам лепш? тут жыў Пшавара…
Вось раз уночы чуе гукі, —
Ў вакно малоцяць чыесь рукі,
Малоцяць так, бы ў час пажару.
— Хто там? — Пусьці, брат: то я — Сёмка!
Ну, брат, і б’юцца-ж чэрці ёмка!
Ня верыў я, даль-бог, паверу!
На ўласным карку чуў, халеру!
На грэблю я, брат, як узьехаў,
Так і засыпаў мне арэхаў!
Я — па кані, ён мне — па карку!
Пасек мне сьпіну праз браварку!
І толькі тут, вось, адступіўся,
Калі ў двары ўжо я спыніўся. —
Пшавара з хаты вышаў босы
Агледзіць Сёмкавы калёсы.
І што-ж? вось вам і таямніцы:
Ялова лапка ўлезла ў сьпіцы! —
Яшчэ пра страхі вялі мову
І іх тлумачылі аснову,
І іх істоту разьбіралі,