Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І што ўжо больш няма збавеньня,
Як толькі ўзяцца за вучэньне,
Як гэты клопат ні марудны.
І што-ж? закон быў ня так трудны.
Ужо па тэй аднэй прычыне,
Што ён запісан быў на сьпіне
(А ў сэрца ўложан сам сабою),
І ўсё пайшло сваёй чаргою.
Цяклі дзянькі, ды йшлі нядзелі,
І час тут вольны хлопцы мелі,
Вучылісь толькі да абеду,
Вучылісь нават не бяз сьледу.
І Костусь, мушу я прызнаецца,
Ўжо ўмеў на дошцы расьпісацца,
Што вельмі цешыла Міхала
І гонар бацькі падымала.
Удзень, як лекцыі канчалі,
На рэчкў хлопцы выбягалі
Крыху пакоўзацца па лёдзе
Ці так пабегаць на свабодзе,
У сьнег залезьці па калена,
А то насілі козам сена —
Ў зьвярынцы козы зімавалі —
І ім палонкі прасякалі.
І сам дарэктар клышаногі
Ня горш ад вучняў бег з дарогі,
Гасаў па сьнезе, распускаўся
І штурхалямі захапляўся.
Калі-ж даводзілась часамі
Яму спаткацца там з казамі,
Тады крычаў ён благім матам,
Тады рабіўся ён вар‘ятам, —
Такая радасьць пашыбала,
Так хвалявала, захапляла!
І гэту радасьць, міг шчасьлівы,
Выказваў крыкам праразьлівым:
— А я-я-яй! А я-я-яй —
Крычаў, хоць вушы затыкай.
Другі раз хлопцы валяць валам
Ў гумно да дзядзькі ўсім кагалам.
На току ў дзядзькі, бы ў сьвятліцы,