Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маркотна сьвеціць блеск газьніцы;
Дрыжыць агоньчык сіратліва,
Убокі ходзіць палахліва.
На месьце ўсё тут і прыбрана,
Так гладка ўсё дапасавана.
А тыя-ж граблі ці цапочкі!
Ну, толькі цешыць імі вочкі!
У рукі возьмеш — працы хочуць,
У дзела, пусьціш — зарагочуць!
А як наш дзядзька час там бавіць!..
Ён не працуе — ён мшу правіць!
Вось як жывога, дзядзьку бачу.
Я тут партрэт яго зазначу.
Ён нявысок, ня надта ёмак,
Ды карчавіты і няўломак,
А волас мае цёмна-русы,
І зухаўскія яго вусы:
У меру доўгі, густаваты,
У гору чуць канцы падняты;
А вочы шэры, невялічкі,
Глядзяць прыветна, як сунічкі,
Але раптоўна і адразу
Не расчытаеш іх выразу:
То сьмех, то хітрасьць з іх бліскае,
То дабрата, але якая!
А нос… я глянуць мушу ў неба,
Бо не патраплю, як пачаць
І з чым нос дзядзькаў параўнаць,
Каб выйшаў ён такі, як трэба:
Ну, нос кароткі і таўсматы,
Ды досыць спрытны, хоць кірпаты.
Антось наш дбалы, акуратны,
А пры рабоце які здатны!
Што ні замысьліць, то ўсё зробіць
І так прыгоніць, так аздобіць,
Што і для вока нават міла.
І ўсё выразна гаварыла,
Што ён ня толькі гаспадар,
Але й прыроджаны штукар,
Якіх на сьвеце ня так многа.
За дзядзьку людзі просяць бога:
Каму ён толькі ні спрыяе,