Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У часе дружнай касавіцы;
Я чую громы навальніцы,
І шум глухі буйных дажджоў,
І песьні звонкія палёў,
І ціхі плач ускрай магілы.
Даўно заціх іх голас мілы,
Даўно ўсё змоўкла і прапала,
Іх толькі памяць захавала.
Але нявіднымі ніцямі
Я моцна-моцна зьвязан з вамі,
Малюнкі роднае краіны!
Эх, зарасьлі вы, пуцявіны,
У гэты мілы мой куточак,
Дзе ные жоўценькі пясочак
Пад летнім сонцам, пад сьпякотай
І зьяе смутнай пазалотай
Над самым Нёмнам срэбраводным,
Так сэрцу блізкім-блізкім, родным.
І зарасьлі не палынамі,
Не крапівой, не драсянамі,
Не чаратом, не лебядою, —
А беларускаю бядою.
Ды покі будзе сэрца біцца,
Яно ня зможа пагадзіцца,
Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою
Над нашай роднаю зямлёю…
Эх, мілы край адвечнай мукі!
Пракляты будзьце, вусны, рукі,
Што на цябе ланцуг кавалі
І ў твар зьняважліва плявалі!
Няхай агонь і жар пакуты
Навекі спаліць зьдзек той люты,
Які спрадвеку там пануе,
Над тым, хто родны скарб шануе,
І хто ўсім сэрцам і душою
Застацца хоча сам сабою.
Жыві-ж, наш край! Няхай надзея
Гарыць у сэрцы і мацнее,
Што хоць ня мы, дык вашы дзеці
Убачаць цэльным цябе ў сьвеце!
Алесь на дзеле праканаўся,
Што ён дарэмна марнаваўся,