Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

XVI.

ВЕЧАРАМІ.

Малюнкі родныя і зьявы!
Як вы мне любы, як цікавы!
Як часта, мілай чарадою
Вы ўстаіцё перада мною!
І так панадна сьмеяцеся
Жывою баграю на лесе
І злотаблескімі снапамі
Прамеяьняў-стрэлаў над палямі,
І брылянцістаю расою,
Калі гарачаю касою
Скрозь лісьцяў сетачкі-ваконцы
На ёй зазьяе ціха сонца,
Яе так песьціць, так кахае,
Па ёй вясёлкі рассыпае!
Я бачу роўныя пакаты
Палёў за Нёмнам і іх шаты —
Аўсоў палоскі, лавы жыта,
Што морам золата разьліта;
І грэчак белыя абрусы,
І лесу два крылы, як вусы,
І цёмны роў, вадой прабіты,
Такі зацяты і сярдзіты;
Ялоўцаў шэрыя аблогі,
Дзе белы мох, сівец убогі
Пясочак жоўты засьцілаюць.
І дзе зайцы прыпынак маюць.
Я чую шум рознагалосы
Лясоў, лугоў, дзе звоняць косы