Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Каб скончыць тым усе навіны.
Зьвярынец — загарад казіны —
Ўсё гэта — панскія забавы.
І сам зьвярынец быў цікавы:
Высокі, зложаны з бярвеньня
І такі моцны — на зьдзіўленьне!
Каб воўк да коз ня мог дабрацца
Ні праз той верх, ні падкапацца —
Ня ўсунеш пальца там нідзе ты.
Адным крылом зьвярынец гэты
Сюды выходзіў на дарогу.
Займаў ён цэлую разлогу:
І лес, і луг, і часьць крыніцы.
Улетку ў ім растуць суніцы,
Іх хлопцы бралі колькі шапак.
У ельняку з яловых лапак
Стаіць салаш, як тая хата.
Раней тут коз было багата,
Крыху наўперад, ня ў іх часе,
Ды тая плойма ўся зьвялася,
Так перадохла яна марна;
Цяпер-жа ёсьць тут толькі сарна
Ды даніель, казёл адзіны,
А рогі тыя, як галіны.
Адно здарэньне аб казьле тым,
Што мела месца прошлым летам,
Апавядалі хлопцы Яську,
Як найцікаўнейшую казку.
А гэта справа так была.
Каня ў кампанію казла
Пускалі нанач у зьвярынец,
І вось які казёл злачынец:
З канём знаёміцца, сябруе,
Так сьлед у сьлед і спацыруе,
І разам ходзяць, і гуляюць,
І разам ночы карачаюць —
Ну, словам, сталі дружакамі.
Ад дружбы к гульням пераходзяць,
Ды тыя гульні часта шкодзяць:
Казёл каня штурхець рагамі!
Штурхель быў нагла-нечаканы,
І ў жываце каня — тры раны!