Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ну, як тут быць? як падказаць,
Каб і Зыдары сказаў „пяць“?
Ён раптам момант улучае
Пяць пальцаў моўчкі падымае.
Зыдары згледзіў знак маўклівы.
— Пяць дзён, як быў там, пан мысьлівы, —
Гукнуў Зыдары вельмі рады,
Што гэтак вышла без парады.
«Бадай-жа ты прапаў, мой мілы!
Ня знаць-бы век цябе, дурылы!
Ўсё сапсаваў, бадай ты зьнік:
Пяць дзён! пяць скул на твой язык!
— Лайдак! — як скокне да «Памдзея»
Лясьнічы-зьмей, ну, аж шалее,
Жыўцом грызе сваю ахвяру.
— Пся крэў твая, галгане, лгару!
Ты гэтак служыш, о, лайдаку!
Да д’ябла, выганю, сабаку,
Каб ня было тут твайго смроду!
Я выведу такую моду!
Павінен быць на сваім месьце,
А князяў хлеб дарэмна есьці
Ня будзеш, псіна ты старая! —
З апошніх слоў „Памдзея“ лае.
І доўга льлецца гэта песьня,
Як толькі з крыку ён ня трэсьне!
«Памдзей», прыбіты і прыгнуты,
Цярпліва зносіць крыж пакуты,
Стаіць, у дол спусьціўшы вочы,
І толькі зрэдка забармоча:
— Даруй, панок! нех пан даруе! —
А пан нічога не шануе
І, расчыніўшы губы-трубы,
Як няпрытомны, злосны, грубы,
Шпурляе кнігі, рве паперы
І брудна лаецца бяз меры
Ды насядае на „Памдзея“
І ўсё ня мякне, не дабрэе,
А мае дрэнныя намеры.
«Памдзей» задком, задком у дзьверы
Паўзе-адходзіць ад навалы,
І раптам робіць „махні-драла“,