Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як-бы то слуп ці рэч якая,
Сядзіць надзьмуты, зьвераваты
І разглядае асыгнаты.
— Ну, ягамосьцю-аматору,
Ці павяраў сваю камору? —
Зрабіўшы гэта запытаньне,
„Рачок“ зірнуў ліхім Барбосам
І ўсё пакручвае тым носам,
Мінуту ловіць насяданьня.
Што адказаць трапней на гэта?
Якая хітрая тут мэта?
У чым яго, «Памдзея», ловяць?
З чаго пачнецца тая споведзь?
Якія зразяць яго стрэлы?
«Ну, ну, «Пам-дзееньку», будзь сьмелы!
Бог дасьць, сухі ўспаўзеш на бераг».
Мамэнт, а думак цэлы шэраг.
— Так, павяраў, панок, вядома:
Хіба мне служба незнаёма?
— А шмат разоў быў на каморы:
— Пяць раз „памдзею“, з пазаўчора.
Дзе Астахновіч? Марцін! — Слухам! —
Марцін на двор імчыцца духам
І зараз йзноў сюды ідзе
І Астахновіча вядзе;
Паўзе спавагу Астахновіч.
Лясьнік каморны з Давідовіч,
Маруда страшны, глух на вуха…
Ну, што-ж? ня даў бог яму руху.
Прыйшоў, сюд-тут ён глянуў скоса
І затрубіў разы два носам,
Бо трэба ведаць, хто і дзе ты.
— Быў у цябе вось дурань гэты?
Адказвай праўду мне, Зыдоры,
Як ён даўно быў на каморы? —
Аб’ежчык страчвае надзею.
— Гэ, вось ты, ліха, пане-дзею!
Цяпер папаўся, дабрадзею:
Вось так і цапне, так і цапне,
Калі ня ў пяць, ня ў дзесяць ляпне?
Каб ня глухі, шапнуць-бы можна,
Эх, галава твая парожна!