Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Было ўсё добра без астачы
І тыдзень скончваўся шчасьліва,
Тады лясьнічы глядзеў скрыва:
Ты маеш, значыцца, хаўрусы
І ў аднэй чарцы мочыш вусы.
Тут гэты лад быў так збудован,
Што на даносах быў заснован,
І мелась тут навідавоку
Кусаць адзін другога збоку.
На гэты раз неспадзявана,
«Памдзея» клікнулі да пана.
«Памдзей» падскочыў, здрыгануўся
І навакола азірнуўся.
— Ну, будзе лазьня, пане-дзею!
Але за што? не разумею! —
Прамовіў ён, ускінуў плечы
І ў бег пускаецца старэчы.
Бадай ён быў курам прысьніўся:
Убег, нізютка пакланіўся,
Стаіць пакорна і рахмана,
На крыж гатовы йсьці за пана,
Старыя костачкі злажыць
І верай-праўдаю служыць…
І так зьніжацца! цьфу, агіда!
Ня мець ні вобразу, ні віду,
Ні, нават, цені чалавека;
Стаяць бы куль, бы лялька нейка,
Глядзець на пана, як той Лыска…
Эх, так упасьці і так нізка!
Затое-ж пан той! паглядзеце:
Хто з ім зраўняецца на сьвеце?
Які ён важны, панаваты,
Выдатны, «мондры», зухаваты!
Які ён гога! які дока!
Як ён сябе нясе высока!
Пабачце гэту яго міну:
Ён — цар, ён — бог напалавіну,
Злучэньне блеску, зьяньня, цені —
Сагні прад ім свае калені!..
І прад такім, вось, галамоўзай
Ня сьмей стаць роўна ты, а поўзай!
«Памдзей» стаіць, пан не зважае,




01