Старонка:Nashy dni 1937.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зірнеш на дол — убогі ён,
Адзін пясок, сухі, нішчымны,
Ды колькі тут наткаў красён
Чаборык, мох, зязюльчын лён
І верасак агніста-дымны!

І колькі мілых красак тут
Разлівам чырвані палае!
Над імі звон, музычны гуд —
На пустцы сонца творыць цуд
І радасць шчодра пасылае.

Ідзеш у свой абход адзін,
Мінаеш сотні паваротак.
Ускрай баркоў шатры хваін
Стаяць у постаці жанчын —
Вітаем іх, як родных цётак.

Ідзеш кілометр, два і тры,
Праходзіш пусткі, пералескі,
А песні сыплюцца з гары
Ды так, што слухаюць бары,
Надзеўшы вычварныя фескі.

А вось і возера-акно,
Якога мала дзе пабачыш,
Такое дзікае яно
Сярод балоцішча адно.
Завуць яго чамусь грымячым.