Старонка:Nashy dni 1937.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

3. УЧОРА І СЁННЯ

Пісала нядоля
Свой напіс закляты
На сценах драўляных
Закуранай хаты.

А сцены буцвелі,
А лес быў той самы,
І злыбедзь стаяла
Дзень-ноч каля брамы.

З саломай па стрэсе
Вятры гаманілі.
Мы слухалі доўга
Суровыя былі

Пра голад, бяспраўе,
Галечу, паборы…
Няветла свяцілі
Халодныя зоры.

У вокны глядзелі
Тужлівыя ночы,
Спявалі завеі
Пра лёс наш сірочы.

Паны-ліхадзеі
Дабро наша жэрлі,
Мужыцкія-ж дзеці
Гібелі і мерлі.