Старонка:Na rostaniah 2.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гукі, з якіх яна складалася. Аголеныя дрэвы шумелі глуха, надрыўна. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. З царкоўнай вежы слаба даносіўся прыглушаны голас званоў. Званар-вецер біў языкамі званоў аб іх край, і гэты звон, здавалася, падаваў вестку пра нейкую бяду, пра нейкае вялікае гора. Бура налятала парывамі, як дзікі звер, які вырваўся на волю з жалезнае клеткі, усім цяжарам налягала на стрэхі будынін, з шумам ганяючы па іх патокі снегу. Пад яе напорам рыпелі кроквы і глуха стагналі сцены. А за вугламі хат, у цесных завулках стаяў свіст і галёканне, нібы нехта магутны, страшны і няўмольны ішоў па зямлі і прыводзіў у рух усе яе струны. А якую жалосную, несканчоную песню выводзіў комін! У тон гэтай песні барабанілі юшкі, зрываючыся са свайго месца, а няшчыльна прыладжаныя дзверцы каля іх далучалі свае многагалосыя свісты. Нешта жудаснае, жалобнае чулася ў гэтай песні, як-бы то быў плач над дарагім нябожчыкам.

Па кім-жа галосіць віхура? Можа, па тым усенародным выбуху гневу і абурэння супраць царскага самаўладства, памешчыцкага гнёту, выбуху, які заліваюць зараз кроўю паўстаўшых пры дапамозе карных экспедыцый, шыбеніц, расстрэлаў, узаконеных царом і «святою» царквою?

Гэта балесная песня ў коміне клала свой адбітак на настрой Лабановіча, і думкі яго мімаволі зварачаліся на палітычнае становішча ў краіне. Вышэй і вышэй падымае галаву чорная рэакцыя. Жорсткая рука царскага самаўладства з кожным днём тужэй сціскае пятлю на шыі народа, каб выбіць з яго ніколі не пагасаючы дух свабоды, волю да барацьбы за свае чалавечыя правы. Ужо адзін той факт, сведкам якога быў Лабановіч яшчэ на Палессі і які глыбока запаў яму ў памяць — з’яўленне поезда пасля доўгай забастоўкі чыгуначнікаў — пахіснуў яго веру ў перамогу рэволюцыі. Цяпер-жа не падлягала сумненню, што ў барацьбе з народам брала верх самаўладства. Варта было абегла зірнуць на хроніку, што змяшчалася на старонках тагочасных часопісаў, на царскія загады, на розныя цыркуляры, каб пераканацца ў гэтым. Усё, што хоць у нязначнай меры ішло ад свабоды