Старонка:Na rostaniah 2.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і прагрэсу, бязлітасна нішчылася пятамі царскіх сатрапаў. А побач з гэтым вынікалі чорнасоценныя манархічныя саюзы. На паверхню ўсплывалі такія імёны, як Дубровін, Булацаль, Грынгмут, Пурышкевіч і іншыя людскія пацяробкі. Ім была дана поўная свабода ў іх чалавеканенавісніцкай дзейнасці і агітацыі за цара, за прастол і «ісконныя ўстоі» царскага самаўладства.

А на дварэ яшчэ з большаю сілаю бушавала завіруха. «Не прыдуць заўтра вучні», — падумаў Лабановіч. Ён зірнуў у акно. На вуліцы было цёмна. Непранікальная заслона снегу, дзе ўсё мітусілася, рухалася, хадзіла ходырам, бы ў нейкім тлумным дзікім танцы.

«А што, калі пайсці з візітам да пісара? — падумалася Лабановічу: — Усё-ж роўна схадзіць трэба, — такая ўжо завялася традыцыя. Час-жа прападае марна. Але ці варта ў такое кручанае надвор’е рабіць візіт свайму суседу? Ён, можа, зачыніўся так, што да яго і не дастукаешся. І хто вылазіць з дому ў такую завіруху?»

І ўсё-ж настаўнік вырашыў завітаць да пісара. Цікава зірнуць, што на дварэ робіцца, а заадно і клопат пазбыць.

Бабка Параска рукамі замахала.

— Куды-ж гэта вы, панічок, надумаліся ісці ў такое шалёнае надвор’е? Ці вам жыць на свеце надакучыла?

— А я проста хачу паглядзець на мяцеліцу, — адказаў настаўнік.

Не паслухаў бабкі Параскі, пайшоў. Толькі ён адчыніў дзверы на двор, як на іх налёг вецер з такою сілаю, што настаўнік мусіў уперціся і натужыцца, каб не выпусціць з рук клямкі і не паехаць разам з дзвярамі. Вецер насядаў так напорна, што ён насілу зачыніў дзверы. Стаяць на ганку было трудна: вось-вось садзьме вецер у гурбу, якая ўжо асталявалася па той бок ганка, дзе было зацішней.

Падняўшы каўнер і прыгнуўшыся, Лабановіч спусціўся з ганка. На вуліцы снегу было мала. Вецер гнаў яго, як па жолабе, шліфуючы вуліцу і робячы яе слізкай. На сярэдзіне вецер падхапіў настаўніка і панёс удоўж вуліцы. Лабановіч прысеў на кукішкі, падставіўшы ветру спіну, і некалькі крокаў праехаўся, як на санках. Кватэра пісара засталася трохі ззаду. Вецер