Старонка:Na rostaniah 2.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А вось, бабка, як-бы нам у школе падлогу памыць?

— А вы скажыце Піліпу, няхай сходзіць да старасты, каб жанок выслаў. Гэта ўжо яго клопат.

— Што ні край, то свой абычай, — сказаў настаўнік і папрасіў бабку паклікаць стоража.

Піліп, чалавек сярэдніх гадоў, шчуплы, вяртлявы, гаварыў тоненькім галаском, часта рагатаў сухаватым смехам і пры кожным зручным выпадку зводзіў гутарку на «кватэрку» гарэлкі. Лабановічу кінулася ў вочы, што людзі, з якімі ён тут сустракаўся, былі дробныя, худыя, замораныя. Як відаць, тутэйшы народ жыў надзвычай бедна.

— Ну, Піліп! Прысядзь, пагрэйся. Пагутарым.

Стораж няёмка памяўся, а потым прысеў на калодачку, на якую станавілася бабка Параска, каб залажыць юшкі. «недаростку трэба падмостку», — гаварыла яна ў такіх выпадках пры людзях.

— Даўно старажуеш тут? — запытаў Лабановіч.

— Да ўжо, мусіць, чацвёрты год, — адказаў стораж.

— А колькі плацяць?

— А! якая там плата, — махнуў рукою Піліп: — І на кватэрку гарэлкі не выкраіш.

— Ну, а якая твая работа?

— Работы, дык яно, сказаць, хапае: дроў насеч, вады нанасіць, печы выпаліць ды школу прыбраць.

— Але школа не відаць, каб была прыбрана.

— Дый не прыбрана, — пацвердзіў Піліп і дадаў: — Настаўніка забіралі, дык яно ўсё і спынілася. І зноў-жа: прыбірай ці не прыбірай, а гразі пананосяць.

- А вось давай папрабуем прыбраць ды будзем глядзець, каб у школе было чыста. Можа, якую раду і дамо. Як думаеш?

- Падумаўшы, можа, што і прыдумаеш, - згадзіўся стораж.

- Ну, дык вось, - першым чынам пазнімаць павуціну, бо ў ёй яшчэ леташнія мухі матляюцца. А потым вымыць клас. І зрабіць гэта сягоння. Чаму клас не памыты?

- Ды жанкі з чаргі збіліся і да згоды ніяк не прыдуць. Ось каб ім даць па кватэрцы, дык жыва заварушыліся-б.