Старонка:Na rostaniah 2.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

12 і жыццё гэта не было радасным. Адно, што выпадала на яе долю, гэта — цяжкая праца на чужых людзей. Працу яна любіла і працавала сумленна, бо іначай ёй нельга было жыць. Як толькі выехаў Срэтун-Сурчык, бабка Параска ўзялася за работу. Наклала дроў у печ, падпаліла іх і завінулася з венікам каля хаты, старанна падмятаючы пакойчык.

— Як засядуць, дык на ўсю ноч. Гразі пананосяць, панакідаюць агрызкаў, а ты чакай, покі не павыносіць іх з кватэры, — дакорліва бурчала бабка Параска. Відаць, яна хацела апраўдацца перад новым настаўнікам.

— А мы, бабка, не будзем такіх свіней у дом пускаць, — сказаў Лабановіч.

Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Яна засмяялася.

— Няможна, панічок, так казаць, бо ўсё-ж гэта людзі высокія — паны, панічы, — заўважыла бабка, але, відаць, і сама яна згаджалася, што гэта не людзі, а свінні.

Лабановіч адсунуў стол на падмеценае месца і сеў разглядаць школьны журнал — тыя раздзелы, дзе настаўнік робіць запісы, чым займаліся вучні ў кожную гадзіну вучэбнага дня. Уважна пазнаёміўся са спісам вучняў, над некаторымі прозвішчамі ён спыняўся. Яны проста цікавілі настаўніка сваім гучаннем, і яму хацелася паглядзець, што-ж гэта за чалавек, які носіць такое прозвішча. Усяго вучняў у дзвюх старэйшых групах, з якімі належала весці заняткі Лабановічу, налічвалася каля пяцідзесяці. Амаль трэцюю частку іх складалі дзяўчаткі. Гэта парадавала настаўніка, бо ў адной яго школе на Палессі дзяўчатак не было зусім, а ў другой — яны складалі не больш дзесятай часткі вучняў. Знаёмства з класным журналам паказала, што школьныя праграмы не выпаўнены і на палавіну, тады як большая палавіна года ўжо засталася ззаду.

— Вы, панічок, пагрэйцеся каля агню, а я памыю падлогу, — сказала бабка Параска, ставячы каля печы крэселка.

Лабановіч сеў супраць дзверцаў печы. Дровы ўгарэліся і весела патрэсквалі. Ад агню ішло лагоднае цяпло.