Старонка:Na rostaniah 2.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Рэволюцыя, кажаш? - прамовіў ён: - Праўда, рэволюцыя крышыць і ломіць усё на сваёй дарозе, але гэта не значыць, што вакол нас павінны быць гразь і бруд.

Расчыніліся дзверы. У кватэру зайшоў малады чалавек. На яго губах, прыкрытых рыжаватымі вусікамі і крыху паднятых к носу, засвяцілася ўсмешка. Гэта быў другі настаўнік Верханскай школы, ён назваў сябе Анцыпікам. гаварыў ён трохі ў нос. Пры гутарцы язык яго як-бы чапляўся за нешта ў роце і часамі прышчоўкваў. Калі людзі прыдумалі, хоць і недакладна, як перадаць на пісьме той гук, якім чалавек спыняе каня, дык запісаць прышчоўкванне языка Івана Анцыпіка было куды цяжэй.

"Блізкімі сябрамі з ім не будзем", - падумалася Лабановічу з першага знаёмства з Анцыпікам. З гутаркі Лабановіч даведаўся, што заняткі з дзвюма малодшымі групамі Анцыпік пачаў пасля зімовага перапынку. Сярод вучняў-жа Срэтун-Сурчыка склалася такое перакананне, што ў гэтым годзе ніхто з іх не будзе прадстаўлены да экзамену.

На другі дзень Срэтун-Сурчык выехаў у новую школу.

III.

Лабановічу запалі ў памяць словы Анцыпіка пра тыя гутаркі, што хадзілі між вучняў аб экзаменах. Ён вырашыў на трэці дзень прыступіць да школьных заняткаў. Яго сэрца балела за вучняў, якім абыходзіла справа аб сканчэнні школы. Ён іх не ведаў, і яму хацелася іх пабачыць. Але наўперад трэба было прывесці ў парадак школу, ачысціць яе ад бруду.

Старожка, нізенькая, сухенькая, рухавая бабка, пазнаёмілася з новым настаўнікам яшчэ ў першы дзень яго прыезду. Яна спярша ўкрадкам вельмі ўважліва разглядала яго з нейкаю зацікаўленасцю. Твар яе быў заклапочаны, бабка выглядала нявесела. Відаць, яна шкадавала ранейшага настаўніка, да якога прывыкла за тры гады. Бабка Параска была круглая бабылка, не мела ні мужа, ні сям'і і называла сябе "самасейкаю". Яна не ведала, хто яе бацька. А маці, радзіўшы без шлюбу Параску, пакінула яе сіратою, калі дзяўчынцы было не больш як пяць гадоў. Усё жыццё пражыла Параска ў чужых людзей,