Старонка:Na rostaniah 2.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Ах ты, абібок! - весела крыкнуў Лабановіч, схапіў Срэтун-Сурчыка падпахі, вывалак яго з бярлогу і паставіў на цыбатыя ногі.

Гаспадар не захацеў спасаваць перад сваім госцем, і яны схапіліся ўплечкі - Срэтун-Сурчык у адной бялізне, Лабановіч у зімовай вопратцы. Госць спрытна адарваў гаспадара ад падлогі, закруціўся з ім, потым падставіў "ножку" і бурхнуў яго ў бярлог.

- Ты чаго-ж валяешся да гэтага часу? Пара ўставаць дый школу пара аслабаняць, бо яна ўся гразёю зарасце, - прамовіў Лабановіч.

- Ці бачыш, які рэвізор знайшоўся! - азваўся Срэтун-Сурчык.

- Рэвізор не рэвізор, а настаўнік гэтай школы цяпер - я!

- Ну, ты яшчэ пачакай, - запярэчыў Срэтун-Сурчык: - Сход заяву паслаў у дырэкцыю, каб мяне пакінулі тут.

Лабановіч паглядзеў на яго і засмяяўся.

- Чакай, цётка, Пятра - будзеш сыр есці. - І запытаў: - За што-ж пераводзяць? У крамольнікі папаў?

- Ну, не без гэтага! - горда пацвердзіў Срэтун-Сурчык.

- Ну, дык вось я табе што скажу: не цеш сябе, хлопча, марнымі надзеямі, а лепш паціхеньку бяры лахі падпахі і выбірайся. Ці ты думаеш, мне міла твая школа? Каб ад мяне залежала, дык я і цябе і тваю школу за дзесяць вёрст абышоў-бы. Нажаль, яна зараз мая.

Срэтун-Сурчык пачуў праўду ў словах Лабановіча.

- Ды, праўду сказаць, я і провады ўчора наладзіў. Але ўсё-ж з нагрэтым кутком шкада расставацца.

- У каго яго не было, нагрэтага кутка? - сказащ Лабановіч: - Ну, што-ж? Будзем награваць новыя. Але скажы ты мне, чаму ў цябе школа такая запушчаная? Нешта не відаць, каб ты яе нагрэў.

- Рэволюцыя, брат, - сказаў Срэтун-Сурчык і махнуў рукою. Ён пачаў выбірацца з бярлогу і прыводзіць сябе ў парадак.

Лабановіч пазіраў на яго і пасміхаўся.