Старонка:Na rostaniah 2.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

калідорчык аддзяляў класны пакой ад кватэры настаўніка. Лабановіч крыху здзівіўся цішыні і бязлюддзю. Ён паставіў чамаданы, а сам асцярожненька адчыніў дзверы ў класны пакой. Клас быў пусты і халодны. Даўно не беленыя сцены насілі на сабе сляды розных пашкоджанняў. Тынк у розных мясцінах быў абабіты. З-пад яго свяціліся пераплёты дранак, прыбітых да сцен. Геаграфічныя карты віселі, дзе папала і як папала. Карта Еўропы, страціўшы роўнавагу, пахілілася адным краем да падлогі, якая нагадвала твар чалавека, бязлітасна пабіты воспаю. На ёй ляжаў няроўны слой засохшай гразі, наношанай сюды, як відаць, яшчэ з восені вучнёўскімі лапцямі.

Лабановіч моўчкі дакорліва паківаў галавою і вышаў з класа. Насупраць класных дзявярэй былі другія, таксама незамкнёныя, - у настаўніцкую кватэру. Лабановіч адчыніў іх, унёс свае чамаданчыкі і спыніўся каля парога. Дашчаная перагародка раздзяляла кватэру на два досыць прасторныя пакойчыкі. На процілеглым канцы першага з іх, супраць дзвярэй, стаяў стол без настольніка, такі-ж убогі і нецікавы, як і сам гэты пакой. На стале і пад сталом валяліся крошкі, агрызкі селядцоў, скарынкі хлеба і коркі ад бутэлек. Дзве пустыя бутэлькі ад гарэлкі гаротна туліліся ў куточку за сталом. Нефарбаваная, даўно не мытая падлога была ўся ў плямах і насіла на сабе сляды рознага бруду.

"Куды-ж я папаў?" - у думках запытаў самога сябе Лабановіч.

Ён падышоў да перагародкі і штурхануў дзверы, яны з шумам расчыніліся. Лабановіч убачыў дзервяны ложак, на якім ляжаў чалавек, накрыты з галавою дзяругамі. Шум расчыненых дзвярэй патрывожыў сон ляжаўшага чалавека. Ён заварушыўся, з-пад дзяругі паказалася ўскудлачаная чарнявая галава. Лабановіч адразу пазнаў, каму яна належыць: на ложку ляжаў тутэйшы настаўнік з громкім прозвішчам на дваранскі лад - Срэтун-Сурчык! Ён годам раней скончыў настаўніцкую семінарыю.

Лабановічу і ў думкі не прыходзіла сустрэцца з ім тут і быць назначаным на яго месца. Срэтун-Сурчык расплюшчыў свае заспаныя вочы, са здзіўленнем паглядзеў на Лабановіча і, пазнаўшы яго, вінавата пасміхнуўся.