Старонка:Na rostaniah 2.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пагражала астрогам або высылкаю. начальства само не ведала, як паставіцца да Лабановіча за напісаную ім петыцыю. Можа, сапраўды адвяла яна разгром панскага маёнтка. І настаўніка пусцілі на волю, прачытаўшы яму адпаведную натацыю, і абмежаваліся пераводам у іншую школу, на процілеглы бок краіны, сказаўшы: "Ідзі і болей не грашы". Вось туды і едзе ён цяпер. Цікава, што гэта за школа і якіх людзей сустрэне ён на новым месцы?

II

Мінуўшы панскі двор са старасвецкім паркам, з будынінамі, пачарнелымі ўжо ад часу, дарога апошні раз спусцілася з горкі ў шырокую раўчавіну, заросшую дробным алешнікам, прабегла цераз масток - тут цякла невялічкая рачулка - ды зноў пашыбавала ўгору на процілеглы бераг раўчавіны. Тут, на высокай і даволі прасторнай пляцоўцы, і знайшло сабе ціхі прыпынак сяло Верхань.

Лабановіч уважна акінуў яго вокам. Сяло расцягнулася ў адну доўгую лінію кілометра на паўтара. На адным яго канцы, тут-жа непадалёку, узнімаліся дзве школьныя будыніны, а насупраць, цераз вуліцу, яшчэ большы дом валаснога праўлення. Крыху ў баку ад яго стаяла простая, але досыць стройная цэркаўка ў густым вянку высокіх белых бяроз.

"А тут, напэўна, вясною прыгожа", - падумаў Лабановіч.

Дзядзька Нічыпар Кудрык павярнуў коніка ўлева і праз хвіліну ці дзве спыніўся перад высокім школьным ганкам.

Не вылазячы з саней, Лабановіч дастаў з кішэні чатыры рублі: тры па ўгавору і рубель, накінуты за старанне.

Дзядзька Нічыпар зняў шапку, падзякаваў настаўніку.

- Калі спатрэбіцца фурманка, дык накажыце мне. Жыву я на тым канцы сяла, першая хата за бацюшкавым домам.

На ганку школы яны развіталіся.

Дзверы былі незамкнёныя. Невялічкі і даволі цёмны