Старонка:Na rostaniah 2.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- А што, хіба ў Верхані некалькі настаўнікаў? - крыху здзівіўся Лабановіч.

- Два, два, пане настаўніку! Школа вялікая, у двух будынках змяшчаецца, ды ёсць яшчэ кватэра для вучняў, што прыходзяць з іншых вёсак.

- Вось як! Гэта для мяне навіна.

Лабановіч не ведаў, як успрыняць такую навіну. Можа, добра, а можа, і нядобра, што ў адной школе два настаўнікі.

Гутарка павялася далей. Выявілася і колькі вёрст да Верханя, - а іх аказалася восемнаццаць, - і колькі дзядзька Нічыпар Кудрык - так назваў сябе селянін - возьме за фурманку. Дзядзька Нічыпар аказаўся чалавекам памяркоўным, настолькі памяркоўным, што Лабановіч у мыслях рашыў накінуць яму яшчэ адзін рубель, хоць гэтых рублёў было і не так многа, - прыемна-ж зрабіць чалавеку нейкую хоць невялікую радасць.

Дарога то падымалася на ўзгоркі, то спускалася ў лагчыны, разгортваючы ўсё новыя і новыя малюнкі. Мясцовасць тут мела зусім іншы выгляд і рэзка адрознівалася ад палескай роўнядзі, з якой звыклася вока маладога настаўніка за гады яго побыту на Палессі. Але кароткі зімні дзень быў хмурны. Неба, усцяж засланае бялесымі воблакамі, пазірала непрыветна і холадна і, нізка навісшы над прасторамі зямлі, надавала ім пануры выгляд, накладала пячаць аднастайнай паныласці. Усё гэта пакідала адбітак на настроі настаўніка. Не вабілі вока блізкія і далёкія сялянскія сядзібы, параскіданыя па заснежаных прасторах палёў то хутаркамі, то невялічкімі вёсачкамі. няветла пазіралі стрэхі будынкаў з цэлымі пластамі снегу, пачарнелыя сцены хат і вокны, выбеленыя зімняю сцюжаю, і гэта сцюжа, здавалася, яшчэ ніжэй прыгінала да зямлі людскія сялібы. Над хатамі сям-там узнімаліся дрэвы. Аголеныя бязлістыя шатры іх, як шкілеты, яшчэ мацней падкрэслівалі паныласць усяго краявіду. Лабановіч адчуваў у сэрцы журботу аб Палессі, па тых вобразах, што далёка засталіся ззаду. Ён успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Шчаслівая акалічнасць памагла яму выблытацца з той непрыемнай справы, якая