Старонка:Na rostaniah 2.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паклаў чамаданы, а сам борздзенька падабраў сена з-пад каня, паправіў збрую, узяў лейцы, ускочыў у сані, выцягнуў з саломы пугу, махнуў ёю для рэзвасці і гукнуў:

- Но, арол!

Усё гэта ён зрабіў так быстра, што трудна было ўсачыць за рухамі. Відаць, завіхаўся ён так знарок, каб не даць свайму седаку апамятавацца і не выпусціць яго з рук.

Усё гэта ён зрабіў так быстра, што трудна было ўсачыць за рухамі. Відаць, завіхаўся ён так знарок, каб не даць свайму седаку апамятавацца і не выпусціць яго з рук.

Конік не дужа стараўся апраўдваць свой пачэсны тытул "арла". Ён уздыхнуў па-конску і, павольна ступаючы, павалок на касагорчык сані з седаком, яго чамаданамі і са сваім гаспадаром.

- Зацугляй каня, а то, глядзі, разнясе! - крыкнуў наўздагон селяніну другі фурманшчык, якому не ўдалося залучыць пасажыра.

Селянін хітра азірнуўся.

- Зацугляй сваю цешчу! - адказаў ён насмешніку.

Успаўзаючы то на адну, то на другую гурбіну і ныраючы ў іх, сані вышлі на роўную і болей уезджаную дарогу. Худы мышасты конік падбадзёрыўся, весела пырхнуў і сам пабег па сваёй ахвоце.

- І праўда: конік - арол, - пахваліў Лабановіч.

Настаўніку хацелася разгаварыцца са сваім фурманом. Селянін быстра павярнуў галаву да седака. Вочы яго праясніліся, панурасць і заклапочанасць зніклі з твару. Відаць, ён таксама ўзрадаваўся выпадку пагутарыць. Спадабалася, што сядок пахваліў каня і трапна выклікае на размову.

- Вы хто-ж будзеце? - лагодна запытаў селянін.

- Настаўнік, - адказаў Лабановіч.

- Настаўнік? - нібы здзівіўся селянін і яшчэ больш уважна паглядзеў на Лабановіча.

- Ведаеце, - сказаў ён, - я так і падумаў - напэўна, гэта новы настаўнік.

- А чаму вы так падумалі? І чаму новы?

Селянін паглядзеў на настаўніка.

- Ды вось мне так у думках цюкнула. Едзеце ў Верхань, а адтуль аднаго настаўніка, я чуў, забіраюць. Ну, думаю, напэўна, вы на яго месца.