Старонка:Na rostaniah 2.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

ВЕРХАНЬ

I

Поезд зрушыўся з месца і пашыбаваў далей, набіраючы скорасць і пакідаючы за сабою густыя клубкі дыму. Лабановіч пастаяў з хвіліну, праводзячы вачамі поезд, завёзшы яго ў гэты ціхі куток, дзе пачнецца новае жыццё. Прамільгнула думка, што знікшы на павароце чыгункі поезд паклаў сабою рубеж паміж тым, што было раней, і тым, што будзе наперадзе.

Як толькі Лабановіч узяў свае чамаданчыкі, каб ісці на станцыю, да яго зараз-жа падбег рухавы чалавек сярэдніх год у латанай сярмяжцы, з-пад якой выбіваўся такі-ж паношаны кажушок. Дапытлівыя шэрыя вочкі селяніна на момант запыніліся на Лабановічу. І выраз твару і ўся постаць селяніна сведчылі аб тым, што ён гатовы зрабіць паслугу добраму чалавеку.

- Вам далёка? - запытаў ён Лабановіча.

- У Верхань, - адказаў Лабановіч.

- У Верхань? То пойдзем са мною: я жыва завязу вас! - узрадаваўся селянін і, не чакаючы згоды, рашуча ўзяў чамадан з рук настаўніка і наважыўся завалодаць і другім.

- Вазьміце адзін, а другі панясу я.

Лабановіч, відавочна, быў задаволены, што не трэба доўга шукаць фурманкі, а гэта непакоіла яго ў дарозе.

Прайшлі станцыю, апынуліся на невялічкім дворыку, дзе стаяла некалькі фурманак. Селянін рухава патрусіў да сваіх саней, узбіў салому, каб латвей было сядзець,