Старонка:Na rostaniah 1.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Я вам, панічок, не буду многа казаць, бо вы ўсё роўна не верыце, хоць, можа, і верыце часам, але кажаце, што не верыце. Ды калі не верыце мне, то паслухайце, няхай вам раскажа мой Міхалка. Вы-ж ведаеце майго Міхалку? А калі яму не паверыце, спытайце людзей. Міхалка тады дзецюком яшчэ быў. Ішоў ён з Сяльца. І ноч была не цёмная. Чулі, можа, Сяльцо, недалёка ад нашай вёскі, вярста - не болей? Гэта - выселкі з нашае-ж вёскі, двароў дзесяць. Ён і жонку ўзяў адтуль. Дык вось, панічыку, быў ён там - на вячоркі туды хадзіў, покі не жаніўся. На поўдарозе між Сяльцом і вёскай старая карчма стаіць, якраз напроціў могілак. Там невялічкае балотца ёсць, і рэчачка адтуль зачынаецца, малюсенечкая, і злучаецца з другой рэчкай, што ў нас Целяшовым Дубам завецца. І вось, як толькі мінуў ён карчму, дык на яго штось і накінулася - і не звер, і не чалавек. Так проста і налятае на яго. Хоча злавіць яго - не зловіць: нешта голае і слізкае, ні шэрсці, ні адзежы. Міхалка адкіне яго рукою, а яно зноў, а яно зноў. І вось, не паверыце, панічыку, парвала на ім новую світку да самага каўняра. Змогся бедны хлопец і ў непрытомнасці ў хату ўвайшоў. Скажаце п'яны быў, дык зроду-ж не п'е Міхалка, у рот гарэлкі не бярэ. І праляжаў ён пасля гэтага ў гарачцы тры месяцы, насілу на ногі падняўся.

Лабановіч - так звалі маладога настаўніка - слухаў апавяданне з вялікай цікавасцю. Спярша яму было крыху смешна, але па меры таго, як сама апавядальніца ўсё больш і больш захоплівалася таемнасцю здарэння, Лабановіча зацікавіла іншае, а іменна - непасрэдная і цвёрдая вера людзей у існаванне ўсяго гэтага цёмнага спляцення нядобрай сілы. Мільёны і болей гадоў жыве гэта вера, пачаткі яе загублены ў цёмным віры прошласці, і да гэтага часу людскі розум не патрапіў вызваліцца з аблады гэтага чмучэння...

"Цікава!.. Трэба будзе калі падумаць над гэтым", - зазначыў сам сабе настаўнік. Але, як відаць, была ў яго яшчэ і іншая думка, і ён, нечакана для сябе самога, спытаўся:

- Бабка! А твой Міхалка мог-бы і памерці праз гэта?