Старонка:Na rostaniah 1.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Гэ, панічыку мілы! Чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі!

- І падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек! - прамовіў малады настаўнік, хутчэй да сябе самога, і задумаўся. Галава яго крыху схілілася набок, цёмныя вочы, у якіх часта адбівалася нейкая затоеная думка, пазірлі, не міргаючы, у кут пакоіка, але нічога не бачылі: яны як-бы пазіралі на тую думку, якая цяпер заварушылася ў яго галаве.

Старая бабка звярнула на гэта ўвагу і з нейкім страхам і цікавасцю пазірала на свайго "паніча".

- А што вы, панічыку, так задумаліся?

- Лабановіч ускінуў на яе вочы і засмяяўся.

- А ведаеш, бабка, хочаш, я скажу табе, што ты цяпер думаеш?

Бабка здзівілася яшчэ болей, а настаўнік, не чакаючы яе адказу, прамовіў:

- Ты, бабка, пазірала на мяне і думала: "Калі гэты паніч яшчэ не з'ехаў з глузду, то з'едзе".

Старожка пазірала яму ў вочы, моцна здзіўленая, а Лабановіч, прыдаўшы важны выраз твару, сказаў:

- Ты, бабка, не думай таго: не адна ты знахарка. Я, можа, яшчэ выдатнейшы знахар за цябе.

- А што-ж, панічыку, усё можа быць, - як-бы з нейкай пакрыўджанасцю адказала бабка.

- Ты плюнь, бабка, на гэта, бо ўсё гэта - глупства, а лепш вось што: скажы ты мне, бабка, чаго мы на свеце жывем?

Бабка не ведала, які тон ёй узяць, каб не памыліцца, і сказала:

- Гэ, панічок: што вы так усё пытаецеся?.. Гляджу я на вас і дзіўлюся: сядзіць сабе, як той манашак, і ўсё ў гэтыя кніжкі пазірае. Паглядзелі-б трохі і годзе. А то калі ні прыдзеш, вы ўсё ў кнігі глядзіце. Хіба можна так пільна і доўга пазіраць у іх? - І, памаўчаўшы, дадала: - Сушаць яны і болей нічога.

- Дык ты, бабка, не ведаеш, чаго мы на свеце жывем?

- Не, панічок: не ведаю! Каб вы запыталіся ў дрэва, чаму яно расце, дык хіба-ж-бы яно вам адказала? Так і я не магу адказаць вам. Жывем, покі жывецца, бо жывы