Старонка:Na rostaniah 1.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— О, не, бабка: веру, веру! Аб тваім знахарстве ўсюды кажуць: у Хатовічах, у Малкавічах, У Ганцавічах, — усюды!

— Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старое Мар’і, — з гордасцю прамовіла бабка.

— І як гэта ты, бабка, шаптаць навучылася?

— Навучылася, панічыку, навучылася!

— А хто цябе навучыў?

— Ой, панічок, вы ўсё хочаце ведаць!

— А што-ж, бабка: навучыўся-б, і да мяне хадзілі-б людзі, і я памагаў-бы ім.

— Няможна гэта, панічыку!

— Чаму няможна? Хіба грэх?

— Няможна!

— Мусіць, бабка, ты з нячыстай сілай знаешся?

— Бог з вамі, панічок! Што вы сказалі проціў ночы?! Няхай бог крые! І не ўспамінайце вы яе!.. Ва імя айца і сына і святога духа!

Старая паляшучка, знахарка Мар’я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз.

— А што-ж яна мне зробіць, гэтая нячыстая сіла? Я не баюся яе, бо яе, бабка, наогул няма.

— Гэ, панічыку, вы яшчэ маладзенькі, мала на свеце жылі.

— Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць богу, трошкі пажыла-такі, а скажы-ж мне, ці бачыла ты хоць раз нячыстую сілу?

— Не кожнага, панічок, яна налучае, — ухілілася старая ад простага адказу.

— А я табе, бабка, скажу, каго яна налучае. Наколькі я ведаю, яна найбольш прывязваецца да п’яных цёмных людзей і то ўночы.

Старожка з гэтым не згадзілася і паківала галавой. А настаўнік, яшчэ зусім малады хлопец, які нядаўна прыехаў у першую сваю школку ў глухой палескай вёсцы, ледзь-ледзь усміхнуўся сам сабе, пэўны ў тым, што старая няіменна раскажа пра здарэнне з нячыстай сілай. Яму вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры.