Старонка:Na rostaniah 1.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

свінску? У святым пісанні напісана: «Якою мераю мерыце вы, такою адмерыцца і вам».

Айцец Кірыл слухаў, апусціўшы вочы, і стукаў пальцамі па стале.

— Вы яшчэ мала ведаеце мужыка, — спакойна адказаў а. Кірыл, — што-б вы мне ні казалі, я буду цвярдзіць сваё: мала білі мужыка!

— Вы зусім не тое гаворыце, што думаеце. Проста вы за нешта ўгневаліся на мужыка, — сказаў Лабановіч, смеючыся.

Саханюк маўчаў.

— А вы ведаеце, — прамовіў урэшце ён: — Нашых тутэйшых сялян ніхто нідзе начаваць не пускае.

— Хто не пускае?

— Другія мужыкі.

— Ды што-ж? Не спрачаюся, вашы мужыкі могуць быць і дрэннымі, але з гэтага не следуе, што і ўсе мужыкі нікуды нягодныя. Тая-ж самая паншчына, аб якой шкадуе а. Кірыл, псавала іх, бо, як пацвярджаюць факты, былі такія паны, што гналі сваіх мужыкоў і падбівалі іх на кражу ў сваіх суседзей-паноў.

На гэтым месцы гутаркі ўвайшла матушка. На яе твары была прыветная ўсмешка. Паздароўкалася, села і, звярнуўшыся да Лабановіча, запытала:

— Былі ў пісара?. Ну, як вы знаходзіце пісаранак?

— Прызнацца, я і не разгледзеў іх, бо мы вельмі мала былі там.

— А праўда, Саша — харошанькая?

Айцец Кірыл паморшчыўся і махнуў рукою. Лабановіч адказаў:

— Нічога сабе дзяўчына.

— Вось бачыце, шкада толькі, што вы ад нас далёка, а то-б зачасцілі за Алеськаю?

— А хіба тут няма каму гэтай справай заняцца? Вось мой калега, напрыклад?

Саханюк і бацюшка засмяяліся.

— Не, я ўжо зусім страціў там ласку, дзякаваць богу.

Айцец Кірыл засмяяўся яшчэ грамчэй.

— Наш настаўнік кажа: «Не на таго прасцяка напалі!» — сказаў ён.

— Апрача таго, я чуў, што ў яе жаніх ёсць ужо.