Старонка:Na rostaniah 1.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


- Калі-ж вы думаеце пачынаць работу ў школе?

- А вось і хачу прасіць вас, а. Кірыл, прыехаць на гэтых днях у маю школу на малебен. Так-бы з аўторка і пачаў.

- Не спяшайцеся, - махнуў рукою а. Кірыл. - Вы думаеце, яны, гэта быдлё, зразумеюць, што вы для іх будзеце старацца, вучыць іх? Вы не ведаеце мужыка: зрабі яму дабро - ён адплаціць табе самай чорнай непадзячнасцю. Мужык - гультай, злодзей, п'яніца. Толькі і глядзіць, як абадраць цябе, ашукаць. Ніякай веры няма яму. Ён гатоў цябе ўтапіць, прадаць за чарку гарэлкі. Іх трэба ўзяць - во! - Айцец Кірыл згарнуў кулакі і патрос імі, паказваючы, як трэба трымаць мужыка.

Лабановіч ніяк не спадзяваўся, каб а. Кірыл мог да такой меры не любіць мужыка, і наогул, каб у такім маленькім папку магло змяшчацца столькі нянавісці.

- Вы папрабуйце купіць у мужыка кусок хлеба ці шклянку малака. Што, ён прадасць вам? Ніколі. Гандляру прадасць, вам - ні за якія грошы!

Лабановіч нецярпліва чакаў, калі скончыць выліваць сваю злосць а. Кірыл, каб заступіцца за мужыка. Лабановіч быў пакрыўджан, як мужыцкі сын. Ці даўно яму самому, калі вучыўся ён у семінарыі, крычалі мешчанчукі: "Лямец, лямец! На якой бярозе ты лапці павесіў?"

- Розгамі яго трэба сеч! - скончыў а. Кірыл і гнеўна бліснуў вачамі.

- Я не магу згадзіцца з тым, што сказалі вы, а. Кірыл. Нават і тады, калі гэта ўсё было-б праўда, - пачаў Лабановіч, - і тады нельга судзіць так мужыка. Вы кажаце - мужык скарэй прадасць гандляру, чым пану, бо пад паняцце "пан" у мужыка часта падыходзіць кожны, хто носіць цэшку або чорнае паліто. Гандляра ён ведае, з гандляром ён жыве; часам і лае яго і ў морду яму плюе. На мужыка прывыклі пазіраць, як на пчалу або на нейкую машыну, якая павінна ўсё вырабляць, усім даваць і яшчэ пры гэтым казаць і кланяцца: "Дзякую, што бераце". І ўсе так ці іначай бяруць ад мужыка: бяруць сілаю, бяруць хітрыкамі, бяруць ашуканствам. А мужыку многа далі? Паважаюць мужыка? Хто вінават, што мужык неачэсаны, што мужык цёмны і жыве па--