Старонка:Na rostaniah 1.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вось гэты дом з садам, першы ад царквы, і ёсць пасада бацюшкі.

Так непрыметна настаўнікі дайшлі да веснічак бацюшкавага двара.

VI

- Міласці просім, міласці просім, - прамовіў а. Кірыл і борздымі крокамі патрусіў да дзвярэй насустрач гасцям і стаў памагаць ім раздзявацца; сам першы паздароўкаўся з Лабановічам, папрасіў настаўнікаў садзіцца, сам падстаўляў ім крэслы і наогул выказаў вельмі многа прыветнасці і ўвагі, нават радасці і дабраты.

Айцец Кірыл быў чалавек яшчэ малады, нізенькі, шчупленькі, худзенькі, з рэдзенькаю цёмнаю бародкаю і жывымі, крыху неспакойнымі цёмнашэрымі вачамі. Адбітак нейкай мукі адзначаўся на яго худым твары. Гаварыў а. Кірыл громка і борзда, часта смяяўся ад душы, але радасці, гэтай галоўнай уласцівасці здаровага смеху, не чулася. І варта было хоць на хвіліну яму сціхнуць, каб зараз-жа цень смутку лёг на яго твар.

- Даўно-ж вы прыехалі ў Цельшына? - запытаў Лабановіча а. Кірыл.

- А ўжо скора тыдзень будзе, а. Кірыл.

- Што, не думалі, пэўна, папасці ў такую глуш? - зноў запытаў а. Кірыл і громка засмяяўся.

- А вы ведаеце, а. Кірыл, - сказаў Саханюк, - калега знаходзіць, што ў нас тут большая глуш, чым Цельшына.

- І праўду кажа, чыстую праўду, - пераконана прамовіў а. Кірыл: - Тут у нас такая яма, такая, выбачайце, памыйніца, што другой такой і на свеце няма.

- Калі я казаў, што ў вас, калега, большая глуш, то меў на ўвазе, што вы жывеце далей ад чыгункі. Якая-б ні была сама па сабе глуш, але калі ты чуеш гудок паравоза, шум вагонных колаў і бачыш гэтыя роўныя або прыгожа закругленыя палоскі жалеза на шпалах, то н так тужліва адчуваеш адарванасць ад людзей і культуры, бо чыгунка з'яўляецца як-бы жывым вобразам непарванай сувязі з людзьмі.