Старонка:Na rostaniah 1.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Некаторы час Лабановіч слухаў, а потым падняўся, папрасіў прабачэння і стаў развітвацца.

Яго не затрымлівалі, хоць з далікатнасці папрасілі заходзіць.

"Дудкі, - казаў сам сабе Лабановіч, выходзячы ад паненак, - не скора я тут буду".

Разам з ім вышаў і Саханюк.

- Ну, як вам, калега, спадабаліся паненкі?

- Ну, што-ж? Дзяўчаты, як дзяўчаты. А вось што я не спадабаўся ім, дык гэта ясна.

- Чаму вы так думаеце?

- Тут і думаць няма чаго. Перш-на-перш, не сказаў кампліментаў і не ўмею казаць іх. Можа-б, і прыдумаў, але не асмельваюся вымавіць, далей, не пахваліў нічога з іх работы, не заспяваў раманса і наогул нічога не патрапіў сказаць у тон.

І ён не памыляўся. Як толькі настаўнікі сышлі з ганка, першая Саша сказала:

- Ну і мяшок! Як для Цельшына, дык лепшага і не падбярэш.

- Зусім неачэсаны: так і відаць, семінарыст, гатовы кашлянуць і зацягнуць: "Благаславі, душэ мая, госпада", - аклікнулася Маня.

Настаўнікі тым часам ішлі да бацюшкі. Дарогаю Саханюк паказваў, дзе хто жыве і чым хто выдацен. Вось у гэтым дворыку жыве фельчар Гарошка, удавец, сышоўся з адною паляшучкаю і сам апаляшучыўся. Сын яго, Максім, вучыўся ва ўсіх школах Пінска, але ні аднае не скончыў, а з апошняе, з духоўнага вучылішча, проста ўцёк. Цяпер ён сядзіць на бацькавай шыі. Уцёк-жа ён з тае прычыны, што ў гэтых школах не вучаць нічому такому, што адпавядала-б яго шырокай натуры, якая знайшла здавальненне ў гарэлцы, картах і іншых забаўках вясковага лабатраса. Цяпер ён бярэ курс на дзяка або на памочніка валаснога пісара. АЛе пакуль што гэта толькі добрыя намеры.

Бацюшка, яшчэ малады, крыху хваравіты, нікуды не ходзіць, але любіць, калі да яго заходзяць. Матушка была раней настаўніцай, кабета вясёлая і добрая, вельмі любіць пагуляць у стукалку.