Старонка:Na rostaniah 1.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

19 сцей і шырэй. Злева, пры канцы вёскі, стаяў дом валаснога праўлення з двума высокімі чырвонымі комінамі над пачарнелым дахам. Насупраць, на другі бок вуліцы, выглядала школа з белымі аканіцамі і двума ці трыма развіслымі вязамі каля яе. Пры дарозе ў вёску, крыху на водшыбе, маркотна тулілася старэнькая драўляная цэркаўка. Цяпер яна стаяла адзінокая, закінутая, забытая, і толькі богабаязны падарожны, праходзячы каля яе, прыпыняўся і хрысціўся, набожна схіліўшы галаву. Па адзін і па другі бок вёскі стаялі ветракі, як страшыдлы, шырока раскінуўшы свае крыллі. Адны з іх былі ў жывым руху, весела падымалі і апускалі крыллі, а другія — стаялі моўчкі, нерухліва і мелі такі выгляд, як-бы яны былі крэпка чымся здзіўлены і пыталіся: «А чаму-ж мы стаім без работы?»

Праехаўшы невялічкую грэбельку, калёсы пакаціліся па шырокай вуліцы. Народ расходзіўся з царквы. Старыя палешукі, сустракаючыся, пачціва кланяліся, а чародкі маладых дзяўчат-паляшучак і праворных маладзіц, убраных, як макавыя кветкі ў агародзе, падштурхвалі адна другую, пераміргваліся і кідалі смяшлівыя погляды ў бок маладога настаўніка, які першы раз з’явіўся тут.

Пад’ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінак і ўзышоў на ганак. Дзверы былі замкнуты. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры зараз-жа грукнула крэсла, і пачуліся крокі. Дзверы адчыніліся.

— Выбачайце. Дома настаўнік?

— Вот я. Заходзьце, калі ласка.

Лабановіч пайшоў за гаспадаром, нязграбна ступаючы занямеўшымі нагамі.

— Дазвольце пазнаёміцца: ваш калега і сусед — Лабановіч, — назваў сябе госць.

— Саханюк, тутэйшы педагог. Будзьце ласкавы, знімайце паліто, сядайце.

Госць і гаспадар селі каля стала.

— Вы — новы, і ў нашых краях першы раз?

— Новаспечаны, і ў вашых трушчобах маю гонар быць першы раз, — сказаў з усмехам Лабановіч.

— Ну, як падабаецца вам ваша месца?

— Лепшага месца я і не чакаў: ціхае, глухое. Нішто не пашкодзіць весці працу, — прамовіў Лабановіч.