Старонка:Na rostaniah 1.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

поўвярсты ад дарогі, раскінулася чыясь пасада, як сярэдняй рукі фальварак, з усімі прыбудоўкамі, садам і прасторным дваром.

— Чыя гэта пасада? Хто жыве тут? — запытаў настаўнік.

— Гэта? А тут пан каморнік жыве. Завітанкамі пасада называецца. Адгэтуль якраз палавіна дарогі да воласці, — адказаў Рылка.

«А, гэта і ёсць той каморнік, у чыю дачку ўсе тутэйшыя кавалеры закахаліся. Дык вось дзе жыве яна, гэта красуня!»

Лабановіч прыпомніў размову са сваёй старожкай і, зацікаўлены, глянуў яшчэ раз на пасаду. Паслушнае і ўслужлівае ўяўленне ўжо рысавала яму вобраз дзяўчыны, гэту чыстую і прыгожую краску, узгадаваную ў глухіх палескіх барах. Лабановіч ніколі, нават у думках, не дазваляў сабе зняважыць дзяўчыну. Адно слова «дзяўчына» выклікала ў душы яго чысты і прыгожы вобраз, на які можна пазіраць і любавацца толькі здалёк. І цяпер ён прыпомніў два ці тры здарэнні ў сваім жыцці, калі гэтыя вобразы глыбока западалі ў яго сэрца, але ён і намёкамі не сказаў нікому пра гэта. А раз у дачку каморніка ўсе закаханы, то яна, без спрэчкі, ёсць верх хараства. Яшчэ не бачачы яе, настаўнік пачуваў, што яна ўжо мае над ім нейкую ўладу. Яму хацелася хоць паглядзець на яе, і праз усю астатнюю дарогу ён думаў аб дачцы каморніка, ён ужо сустракаўся з ёю, зацікавіў яе і бадай што не ўсіх кавалераў яе засланіў сабою.

IV

Апошні раз расступіўся лес, і перад вачамі настаўніка раскрылася шырокая круглая палянка, вясёлая і прыветная. Лабановіч уздыхнуў лягчэй, як-бы з яго плячэй зваліўся нейкі цяжар, бо дарога, траская і караністая, і лес усё-ж-такі дакучылі яму. Тым прыемней зірнулі стрэхі людскіх будынін і коміны хат, з якіх яшчэ дзе-ні-дзе курыўся сіняваты дымок.

Вёска была досыць вялікая, цягнулася ў адну лінію, і толькі каля цэркаўкі на ўзгорку хаты гуртаваліся гу-