Старонка:Na rostaniah 1.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Саханюк звонка засмяяўся.

- Ах вы, ідэалісты, ідэалісты. Ці надоўга хопіць вам гэтага ідэалізма?.. І тым не меней першы раз бачу чалавека, што так высока ставіць глуш ды яшчэ такую, як ваша.

- У вас тут, выбачайце, большая глуш.

- Як так? - здзівіўся Саханюк. - У нас - воласць, грамада: бацюшка, пісар, фельчар, ураднік, псаломшчык і так збоку людзі часцей даведваюцца.

- І пэўне з Завітанак сюды хтось завітвае, - жартліва ў тон гаспадару прамовіў Лабановіч і кінуў на яго бачлівы погляд.

Гаспадар крыху замяшаўся, бо і ён таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка, адразу сцяміўшы, куды цаляе яго сусед.

- А вы хіба былі ў Завітанках? - спытаў Саханюк.

- О, не, - прамовіў Лабановіч, - я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі.

- Калі ў вас, калега, такі погляд на рэчы, - сказаў павесялеўшы Саханюк, - скажу вам: не будзеце і вы мець вагі ў тутэйшых паненак.

- А мне ўсё роўна... Урэшце-ж, ці не памыляецеся вы тут, калега? Але гэта - між іншым. Я хацеў-бы прасіць вас, калега, пазнаёміць мяне з вашай грамадою, бо трэба-ж, як кажуць, аддаць кесарава кесараві. Калі-б вы былі ласкавы пайсці са мною да пісара, таксама і да бацюшкі, а можа, і яшчэ да каго, калі ўжо гэтага вымагае звычай вашай грамады, то я быў-бы вам вельмі падзячан. Гэта было-б і скарэй і прасцей, бо мне яшчэ ніколі не даводзілася выступаць у ролі візітанта.

- А вы чаго-ж так спяшаецеся? Разумеецца, я з вамі пайду, тым болей, што і мне трэба зайсці да таго-другога, але адаслалі-б вы сваю падводу дамоў, а самі тут паначавалі-б.

- Не, калега. Я яшчэ да работы не прыступаў у школе. Вы, пэўна, ужо многа паспелі, і я не даганю вас за ўсю зіму. Мне хацелася-б і павучыцца ў вас сяму-таму, бо вы ўжо набілі, як кажуць, руку і маеце практыку.

Дзверы з другога пакоіка адчыніліся, і на парозе паказалася ўжо немаладая кабеціна. Гэта была старожка