Старонка:Moj dom 1946.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ТОПАЛЬ

(Памяці друга)

Каля купалавай пасады
Упёрся топаль у вароты.
І думаў Янка, як даць рады,
Каб не было яму згрызотаў.

Пад тапалёваю паветкай
Ляжалі градкі, ззялі ружы.
Расціў на клумбах Янка кветкі,
Пясняр наш дбалы і дасужы.

«А топаль грозны і гузасты,
І жыць яму, як бачна, мала —
Яму даўно ўжо гадоў за ста», —
Так разважаў з сабой Купала.

І страх часамі браў паэта,
Што вецер дрэва ў сад паваліць,
І будзе кветкам песня спета
У шуме-громе смертнай хвалі.

І вось прышлі дні злой навалы:
Асірацелі паркі, плошчы,
Згарэлі сад і дом Купалы,
І сам ён — блізкі нам нябожчык.