Старонка:Moj dom 1946.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дарожкі той, што бегла к Балачанцы,
Няма нідзе — згубілася ў траве,
У памяці маёй яна жыве,
Як шмат з таго, што знікла на палянцы.

І з тых, з кім быў я блізка так знаёмы,
Ужо няма: хто выселіўся сам
К апошнім тым на свеце рубяжам,
Дзе крыж стаіць журботна нерухомы,

Другіх вайна ў далёкі свет пагнала,
І многа іх не вернецца назад,
А трэцціх вынішчыў, замучыў немец-кат,
І родная зямля іх не прыбрала.

І ўсё мне тут, дзе вокам я ні кіну,
Нагадвае аб жорсткасцях вайны.
Знявечаны лясы, а пораснік буйны
Жыве і тчэ спрадвечную тканіну.

Ідзе жыццё, буяюць яго сілы,
Не немцу глупаму суняць яго, спыніць.
Снуе жыццё за ніццю сваю ніць,
І моцныя для ўзлёту яго крылы.

Я ведаю — загояцца ўсе раны:
З пажарышч край паўстане, расцвіце
Ва ўсёй сваёй красе і паўнаце, —
Наш верны шлях, ён з праўдай павянчаны!

І толькі мне адно сягоння горка:
Няма таго, з кім думкі я дзяліў,
З кім тут стаяў і з кім я быў шчасліў —
Пагасла ты, яснюсенькая зорка.

8-9/VII — 1945 г.