Старонка:Lucyna.Z kryvavych dzion.djvu/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ў шляхецкім доме. Выбаршчыкі падзяліліся на дзве групоўкі: патрыятычная, што спрыяла вялікаму нацыянальнаму руху, і ўмераная, што хацела шляхам перагавораў ісці на пагадненне з урадам. Апошняя намервалася нават паслаць цару вернападданніцкі адрас. На чале патрыятычнай групоўкі сталі Яленскія, якія на выбарах супраціўляліся праекту наконт згаданага адрасу і заклікалі шляхту, каб яна не паддавалася на перагаворы з царызмам, аднадушна думала пра захаванне радзімы. Умераныя падтрымлівалі кандыдатуру Дамініка Лапы, аднаго з прадстаўнікоў свае групоўкі, што выклікала на выбарчым сходзе непаразуменні. Дробная шляхта, мяшчане, рамеснікі і навучэнцы, даведаўшыся пра гэта, надзвычай абурыліся і, паразбіваўшы вокны ў доме Лапы, папрыклейвалі на скрыжаваннях вуліц вельмі папулярную пад той час песню:

Калі йшоў на бітву народ у айчыне,
Панове пра чыншы гадалі.
Калі народ клікнуў: «Ці зможам, ці згінем!»,
Панове ў сталіцах гулялі…

Гэтыя плакаты выклікалі вялікае абурэнне. Паліцыя і ўмераная партыя пачалі іх здзіраць. Урад, бачачы, што выбары нічым не скончацца, загадаў памешчыкам раз'язджацца па хатах і без выбараў назначыў маршалкам Дамініка Лапу. Былі гэта апошнія ў Мінску выбары. Апошнімі былі яны, можа, таму, што ў іх, як заўсёды, выявіліся адмоўныя рысы нашага грамадства: адсутнасць згоды і сапраўднай, бескарыслівай любасці да краю, прынамсі ў некаторых.

Пасля бурлівых выбараў колькі месяцаў працяклі спакойна. Крывавыя падзеі, што адбыліся на пачатку наступнага года ў Варшаве, знайшлі жывы і моцны водгук сярод мінчукоў і выклікалі ў іх незабыўнае ўражанне. Хто толькі належаў да людзей сумленных і меў любасць да айчыны, тут жа апранаў жалобнае адзенне. Спыніліся балі і забавы як у Мінску, так і ў ваколіцах, па касцёлах спявалася "Божа, што Польшчу", разам з патрыятычнымі пракламацыямі раздаваліся фатаграфіі забітых у Варшаве. Спачатку ўлады прыглядаліся да ўсяго гэтага з страхам, не чынячы перашкод патрыятычнаму руху. Аднак праз нейкі час абвастрылі сваю чуйнасць: мінскім генерал-губернатарам назначылі Кушалева, паліцыя атрымала тайны загад арыштоўваць падазроных, хто прымаў жывы ўдзел у маніфестацыях. Былі арыштаваны Барташэвіч, Дмахоўскі і іншыя. Іх тут жа выслалі ў глыбіню Расіі. Другія ж, менш скампраметаваныя, толькі за выплату значнага грашовага штрафу здабылі свабоду. Але не змагло гэта ні заглушыць нацыянальны дух, ні астудзіць запалу, што ўсё жывей абуджаўся і ахоп-