Старонка:Lucyna.Z kryvavych dzion.djvu/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

культэт, сельскагаспадарчае таварыства ў Варшаве. Апошняе, накіраванае энергічнай рукою Анджэя Замойскага, прынесла краю вялікую карысць. У Літве зменай на лепшае было ўвядзенне польскай мовы як дадатковага прадмета ў мужчынскіх школах, а таксама дазвол выдаваць творы Міцкевіча, праўда, са значнымі скарачэннямі.

Дваццатага верасня 1858 года цар Аляксандр прыбыў у Мінск-літоўскі, куды на яго прыём было загадана з’ехацца памешчыкам усёй губерні. На маскоўскай дарозе была ўзнесена трыумфальная брама. А дзевятай гадзіне вечара цар уехаў у горад і затрымаўся ў палацы губернатара. Назаўтра да дзесяці гадзін прымаў ён дэпутацыю шляхты, чыноўнікаў і вайсковых, пры гэтым перад шляхтаю меў прамову, у якой выказаў надзею, што памешчыкі дапамогуць яму пры ўрэгуляванні стасункаў з сялянамі, бо хутка надыдзе хвіліна іх вызвалення. Затым накіраваўся ў сабор, а адтуль да катэдры, дзе на яго спатканне выйшаў у адпаведным уборы біскуп Адам Вайткевіч з усім каталіцкім духавенствам. Пасля наведвання розных грамадскіх устаноў у адзінаццаць вечара цар прыбыў у губеранскае праўленне на баль, што даваўся ў яго гонар, і сабраў усе вяршкі грамадства. Станцаваўшы паланез з жонкаю шляхецкага маршалка Слатвінскай, ён непрыкметна знік і выехаў у Вільню. Палякі, спадзеючыся, што цар пастараецца ў чым-небудзь палепшыць іх становішча, прымалі яго ў Мінску з вялікай урачыстасцю і магчымай пышнасцю, аднак гэтыя надзеі былі дарэмныя.

На розум і сэрца тагачаснай моладзі велізарны ўплыў зрабіў водгалас падзей у паўднёвай Еўропе, асабліва моцна адбівалася на абуджэнні яе гераічнага патрыятызму вызваленне італьянцаў. Газеты расхоплівалі, з ліхаманкавай нецярплівасцю сачылі за ходам гэтага змагання за незалежнасць: у тагачасным становішчы Італіі знаходзілі пэўную аналогію з няшчаснай айчынай. Зара свабоды, якая заззяла над Апенінамі, здавалася, кідае слабы праменьчык на нашыя раўніны. У маладых сэрцах усё больш абуджалася парыванне да барацьбы, а разам з ім узрастала нянавісць да ярма, не хапала толькі нейкага ўнутранага штуршка, каб запасы добрай волі ператварыліся ў дзеянне…

Восенню 1861 года ў Мінску адбыліся апошнія выбары маршалка. На гэтую пасаду, звычайна праз кожныя тры гады, памешчыкі выбіралі з свайго асяроддзя аднаго прадстаўніка. Права голасу на выбарах мелі землеўладальнікі, у якіх было сама меней сто душ прыгонных. У 1861 годзе, як звычайна, з’ехаліся ў Мінск памешчыкі і ў прызначаны дзень сабраліся