Старонка:Lucyna.Z kryvavych dzion.djvu/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ліваў усё шырэйшыя колы. Дзіўна таксама нелагічнымі былі тагачасныя ўчынкі нашых ворагаў. Стараючыся, з аднаго боку, спыніць маніфестацыі, з другога - яны самі падштурхоўвалі да іх. Галоўным такім узбуджальнікам дэманстрацыі былі так званыя этапы вязняў. Зімою 1862 года праз Мінск прайшоў першы транспарт вязняў з Варшавы, асуджаных на выгнанне ў Сібір. Выгляд гэтых маладых пакутнікаў за справу айчыны глыбокае зрабіў уражанне на жыхароў горада, якія, хоць і стаяла непагадзь, усе, як адзін, выйшлі спаткаць іх. На простых сялянскіх санях у суправаджэнні эскорту салдат ехала болей дзесяці маладых хлопцаў, бледнатварых ад пакут і трывогі за сваю будучыню і родных, пакінутых у слязах. Калі вязні наблізіліся да горада, ім дазволілі злезці з саней і ісці пешу. Яны маглі свабодна гутарыць з мінчукамі якія наперабой выказвалі ім сваё спачуванне. Тут жа наладзілі для няшчасных збор на дарогу і суправаджалі іх праз увесь горад ажно да брамы казармы... Летам таго ж года разышлася чутка, што 3 чэрвеня праз Мінск маецца прайсці другі этап вязняў. Вялізны натоўп, за выключэннем жанчын і дзяцей, рушыў на гэтае спатканне за тры кіламетры ад горада, на варшаўскі тракт, і рассеўся паабапал дарогі.

Каля натоўпу час ад часу праязджалі казакі, бо паліцыя, убачыўшы, што збіраюцца людзі, высылала насустрач этапу ганцоў з даручэннем узяць на бліжэйшай станцыі паштовых коней і як найхутчэй правезці вязняў праз горад, каб не даць ім паразумецца з жыхарамі. Аднак тыя ганцы, шчыра спачуваючы палякам, адкрыта паведамлялі натоўпу, куды і навошта едуць. Людзі ж увогуле не думалі разыходзіцца, тым болей, што меліся ўручыць вязням складкі, сабраныя для іх у горадзе, пры самым старанным удзеле заможных жанчын.

Каля шасці гадзін вечара пачуліся паштовыя званкі. "Гэта яны! Едуць!.." - разнеслася па натоўпе. Неўзабаве на тракце паказаліся шэсць чатырохконных паштовых кібітак. Іх удалося затрымаць, хоць жандары аказвалі супраціўленне і фурманы намагаліся прарвацца праз натоўп. Пасля таго як вязням уручылі складкі і абмяняліся з імі некалькімі словамі, натоўп разышоўся, папярэдне дамовіўшыся выйсці на маскоўскі тракт, за цвінтар, званы Залатой горкаю, каб праводзіць іх, калі яны выедуць з казармаў. Выязджаць яны павінны былі ноччу, у адзінаццаць гадзін. Але жандарскае начальства наўмысна запазніла гэты выезд, таму што, бачачы групы людзей, баялася, каб не было спроб адбіць вязняў. Толькі ў дзве гадзіны ночы вязні ў суправаджэнні казакаў выехалі за горад, на маскоўскі тракт. Пры іх з'яўленні ў людскім натоўпе раз-