Старонка:Londan.Kuli.djvu/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

посьпехамі ангельскай кампаніі. Не вялікая бяда, калі там Шэмэр распраўляецца кулакамі з кулі. Не вялікая бяда, калі памрэ адзін з чынаго. Бо нарэшце-ж ён толькі чынаго...

Ніяк нельга зразумець гэтых белых чарцей. А-Чо сядзеў у судовай залі і, чакаючы прысуду, разважаў. Ніяк нельга сказаць, што зьвязвае іх думку. У сваім жыцьці ён бачыў шмат белых, але ўсе яны аднолькавы: і афіцэры, і матросы на параходзе, і чыноўнікі на зямлі, і прыганятыя ў полі. Таксама і Шэмэр. Нейкія таемныя шляхі ўласьцівы іх думкам. Яны злуюцца без відавочнай прычыны, і гнеў іх заўсёды небясьпечны. У такія моманты яны падобны да дзікіх зьвяроў. Яны хвалююцца з-за глупства, ні ў чым ня ведаюць меры, шмат ядуць і яшчэ больш п'юць. Чынаго ніколі ня можа ведаць, ці будзе здаволены белы яго ўчынкам, ці абурыцца на яго. Адно ім сёньня падабаецца, а заўтра гэта-ж самае выклікае злосьць. За вачыма белых чарцей ёсьць такая заслона, якая хавае іх думкі ад наглядаў чынаго. Якія дзіўныя і незразумелыя гэтыя белыя людзі! Яны бы чэрці. Адно толькі зірні на Шэмэра...