Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Надышла ноч. Снег паваліў яшчэ больш, і Белы Клык, спатыкаючыся, кульгаючы і ціха вішчачы нахаду, трапіў на свежы след. След быў настолькі свежы, што Белы Клык адразу-ж пазнаў яго. Заскуголіўшы ад нецярплівасці, ён павярнуў назад і кінуўся ў лес. Да вушэй яго данесліся знаёмыя гукі чалавечай стаянкі. Ён убачыў полымя агню, Клу-Куч, якая была занята гатаваннем ежы, шэрага Бабра, які прысеў на кортачкі і жаваў кавалак сырога сала. У людзей было свежае мяса!

Белы Клык чакаў пабояў. Пры думцы аб іх ён увесь натапырыўся, і шэрсць у яго на спіне стала дыбам. Затым ён зноў рушыў уперад. Белы Клык баяўся ненавісных яму пабояў і ведаў, што іх яму не ўнікнуць. Але ён ведаў таксама, што будзе грэцца каля агню, будзе карыстацца апекай багоў, сустрэне знаёмых сабак, хоць варожых яму, але ўсё-ж якія здольны задаволіць яго патрэбнасць у блізкасці да жывых істот.

Белы Клык паузком набліжаўся да агню. Шэры Бобр убачыў ято і перастаў жаваць сала. Белы Клык папоўз яшчэ павальней, пачуццё прыніжанасці і пакорлівасці прыгнятала яго, прымушаючы поўзаць перад чалавекам. Ён поўз прама да Шэрага Бабра, з кожным дзюймам усё запавольваючы і запавольваючы рух, як быццам паўзці яму рабілася ўсё цяжэй. Нарэшце, Белы Клык лёг ля ног гаспадара, якому з гэтага часу ён аддаўся добраахвотна і целам і душой. Па ўласнаму жаданню падышоў ён да агню чалавека і прызнаў над сабой чалавечую ўладу. Белы Клык дрыжэў, чакаючы немінучага пакарання. Рука паднялася над ім. Ён увесь скруціўся, рыхтуючыся прыняць удар. Але ўдару не было. Белы Клык потайкам зірнуў уверх. Шэры Бобр разарваў сала на дзве часткі. Шэры Бобр працягнуў яму кавалак сала! Вельмі асцярожна і нават з некаторай падазронасцю Белы Клык панюхаў яго, а затым пачаў яго есці. Шэры Бобр загадаў даць Беламу Клыку мяса і, пакуль ён еў, не дапускаў да яго другіх сабак. Скончыўшы есці, удзячны і задаволены ваўчок лёг ля ног свайго гаспадара, гледзячы ў гарачае полымя агню, жмурачыся і пачынаючы часам драмаць. Ён ведаў, што раніца напатка яго не у змрочным лесе, не ў адзіноцтве, а ў пасёлку людзей, сярод багоў, якім ён аддаў усяго сябе і ад волі якіх цяпер залежаў.