Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ваў. Часта яму даводзілася бегчы па вузкай кромць лёду, намерзшай каля берага; тонкі лёд ламаўся, і Белы Клык ледзь выбіраўся з ледзяной вады. І ён увесь гэты час чакаў, што вось-вось натрапіць на след багоў, якія маглі прыстаць да берага і накіравацца ў глыб краіны.

Па розуму Белы Клык стаяў вышэй чым многія з прадстаўнікоў яго пароды, і ўсё-ж думка аб другім берагу ракі Макензі не прыходзіла яму ў галаву. Што калі след багоў выйдзе на той бок? Аб гэтым і не падумаў. Магчыма, пазней, калі Белы Клык набраўся-б вопыту у вандраваннях, паразумнеў і бліжэй пазнаёміўся-б з рэкамі і слядамі, ён і дапусціў-бы гэтую мажлівасць. Такая спеласць чакала яго ў будучым. Зараз-жа ён бег наўгад, прымаючы пад увагу толькі адзін бераг Макензі.

Белы Клык бег усю ноч, натыкаючыся ў цемнаце на перашкоды і загароды, якія запавальнялі яго бег, але не адбівалі ахвоты рухацца далей. К сярэдзіне другога дня, пасля трыццаці гадзін безупыннага бегу, яго жалезныя мускулы пачалі слабець. Белага Клыка падтрымлівала толькі напружанне волі. Ён нічога не еў ужо на працягу сарака гадзін і зусім знясілеў ад голаду. Адбіваліся на ім і няспынныя апусканні ў ледзяную ваду. Яго пышная скура была ўся ў гразі. Шырокія падушкі на лапах разбіліся ў кроў. Ён пачаў кульгаць, спачатку крыху, потым усё больш і больш. У дадатак да ўсяго, неба нахмурылася, і пайшоў снег, мокры, талы снег, які прыліпаў да лап Белага Клыка, якія раз'язджаліся, засыпаў усё навакольнае і скрываў няроўнасці глебы, робячы дарогу яшчэ больш цяжкай і больш пакутнай для яго.

У гэтую ноч Шэры Бобр парашыў зрабіць прывал на далёкім берагу ракі Макензі, таму што дарога да месц палявання ішла ў тым кірунку. Але незадоўга да цемнаты Клу-Куч, жонка Шэрага Бабра, заўважыла на бліжэйшым беразе лося, які падышоў да ракі напіцца. І вось, калі-б не падышоў лось да берага, калі-б не збіўся Міт-Са з правільнай дарогі з-за снегу, Клу-Куч не заўважыла-б лося, Шэры Бобр не забіў-бы яго меткім выстралам з ружжа, і ўсе далейшыя падзеі склаліся-б зусім інакш. Шэры Бобр не зрабіў-бы прывалу на бліжэйшым берагу Макензі, а Белы Клык, прабегшы міма, або загінуў-бы, або трапіў-бы да сваіх дзікіх суродзічаў і астаўся-б ваўком да канца дзён.