Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Раздзел пяты

ДАГАВОР

У сярэдзіне снежня Шэры Бобр адправіўся ўверх па рацэ Макензі. Міт-Са і Клу-Куч паехалі разам з ім. Сані Шэрага Бабра цягнулі сабакі, якіх ён выменяў або ўзяў у доўг. Другія сані, меншыя, цягнула запрэжка з маладых сабак, і імі кіраваў Міт-Са. І запрэжка і сані былі больш падобны на цацку, але Міт-Са быў у захапленні,-ён адчуваў, што выконвае сапраўдную мужчынскую работу. Апрача таго, ён вучыўся кіраваць сабакамі і трэніраваць іх; а шчанюкі тым часам прывыкалі да запрагання. Сані Mіт-Са былі карысныя яшчэ і тым, што везлі каля двухсот фунтаў усякай паклажы і правізіі.

Беламу Клыку даводзілася і раней бачыць запрэжаных сабак, таму ён не вельмі пратэставаў, калі яго ў першы раз запрэглі ў сані. На шыю яму надзелі набіты мохам нашыйнік, прымацаваны двума лямкамі да рэменя, які праходзіў на грудзях і на спіне. Да гэтага рэменя была прывязана доўгая вяроўка, якая злучала яго з санямі.

Запрэжка складалася з сямі шчанюкоў. Усім ім споўнілася па дзевяць-дзесяць месяцаў, і толькі аднаму Беламу Клыку было восем. Кожны сабака прывязваўся да саней асобнай вяроўкай. Усе вяроўкі былі рознай даўжыні, і розніца паміж імі вымяралася даўжынёй корпуса сабакі. Кожная вяроўка была зацягнута праз кальцо на перадку саней. Сані, зробленыя з бяросты, былі без палазоў, і пярэдні канец іх быў загнуты кверху, каб не зарываўся ў снег. Дзякуючы такой будове цяжар саміх саней і паклажы размяркоўваўся на большую паверхню. З той-жа мэтай, як мага больш роўнамернага размеркавання цяжару, сабак прывязвалі да перадка саней веерам, каб ні адзін сабака не ішоў па следу другога.

У веерападобнай запрэжцы была яшчэ адна перавага. Розная даўжыня вяровак перашкаджала сабакам, якія беглі ззаду, кідацца на пярэдніх, а распачынаць бойку можна было толькі з тым суседам, які ішоў на больш кароткай вяроўцы. Але ў гэтым выпадку нападаючы станавіўся тварам да твара са сваім ворагам і апрача таго падстаўляў сябе прама пад удары бізуна паганятага. Але самая вялікая перавага гэтай запрэжкі