Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

слізгаючы паміж дрэвамі, як гэта рабілі яго бацька і маці. Апрача таго, сувязь яго з Лясной Глушшу была цяснейшай, чым у сабак; ён лепш разумеў усе яе таямніцы, выкруты. Больш за ўсё яму падабалася заблытаць свае сляды, пераплысці ручай і спакойна легчы дзе-небудзь у гушчары лесу, прыслухоўваючыся да брэху згубіўшых яго праследавальнікаў.

Сустракаючы з боку сабак і людзей толькі адну нянавісць і знаходзячыся ўвесь час у варожых адносінах з усімі, Белы Клык развіваўся хутка, але аднабакова. У такой абстаноўцы ў ім не маглі зарадзіцца ні добрыя пачуцці, ні патрэбнасць да ласкі. Аб усім гэтым ён не меу ніякага разумення. Шэры Бобр — бажаство, ён мае уладу. Таму Белы Клык пакараўся яму. Але сабакі, тыя, якія маладзей і меншыя за яго ростам, — слабыя, і іх трэба знішчаць.

У Белым Клыку развівалася толькі сіла. Ён мог процістаяць вечнай небяспецы, якая часта пагражала яго жыццю, толькі таму, што ўсе драпежніцкія інстынкты былі ў ім непамерна развітымі. У спрытнасці і хітрасці з ім не мог параўнацца ніхто; ён бегаў быстрэй, быў бязлітасней у бойках, сталёвыя мускулы выступалі на яго худым гібкім целе, як вяроўкі; ён быў больш вынослівым, злым, жорсткім і разумнейшым за ўсіх астатніх сабак. Белы Клык павінен быў зрабіцца такім, інакш ён не выжыў-бы ў той варожай абстаноўцы, у якой яму давялося апынуцца.

Раздзел чацверты

ПА СЛЯДАХ БАГОЎ

Восенню, калі дні зрабіліся карацейшымі і ў паветры ўжо чулася набліжэнне халадоў, Беламу Клыку трапіўся выпадак вырвацца на волю. Ужо некалькі дзён у пасёлку панавала мітусня. Індзейцы разбіралі летнія вігвамы і рыхтаваліся выйсці на асенняе паляванне з усімі сваімі пажыткамі. Белы Клык пільна сачыў за зборамі, і калі вігвамы былі разабраны, а рэчы паклалі на пірогі, ён зразумеў усё. Пірогі адплывалі да берага, і частка іх ужо знікла з вачэй.

Белы Клык парашыў астацца і пры першай-жа магчымасці ўцёк з пасёлка ў лес. Пераплыўшы ручай, які ужо зацягваўся ільдом, ён заблытаў свае сляды.