Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Потым забраўся ўглыб гушчару лесу і пачаў чакаць. Час ішоў. Ён паспеў некалькі разоў заснуць, прачнуцца і зноў заснуць. Яго разбудзіў голас Шэрага Бабра, які клікаў яго па імю. Чуліся і іншыя галасы. Белы Клык адрозніў голас жонкі гаспадара, якая прымала ўдзел у пошуках, і Міт-Са — сына Шэрага Бабра.

Белы Клык дрыжэў ад страху, але вытрымаў і не вышаў з прытулку, хоць нешта падбухторвала яго вылезці на кліч. У хуткім часе галасы сціхлі ўдалечыні, і Белы Клык вылез з кустоў, каб нацешыцца поспехам свайго ўчынку. Пачало цямнець. Некаторы час ваўчок забаўляўся паміж дрэвамі, радуючыся волі. Затым, зусім нечакана, яго ахапіла пачуццё адзіноцтва. Ён спыніўся ў задуменні і сеў, прыслухоўваючыся да лясной цішы. Адсутнасць гукаў і руху здавалася яму злавеснай, яго падсцерагала якаясьці невядомая небяспека. Белы Клык падазрона ўзіраўся ў няясныя абрысы высокіх дрэў, у густыя цені паміж імі, дзе мог прытаіцца любы вораг.

Потым яму зрабілася холадна. Цёплай сцяны вігвама, каля якой ён заўсёды грэўся, паблізу не было. Белы Клык пачаў пачарзе падгінаць то адну, то другую пярэднюю лапу, затым пакрыў іх сваім пушыстым хвастом, і ў гэтую хвіліну перад ім пранеслася здань. У гэтым не было нічога дзіўнага. Перад яго вачыма пранесліся знаёмыя карціны. Ён зноў убачыў пасёлак, вігвамы, полымя кастроў. Ён чуў прарэзлівыя галасы жанчын, грубы бас мужчынскай гутаркі, брэх сабак. Белы Клык прагаладаўся і ўспомніў кавалкі мяса і рыбу, якія яму даставаліся ад людзей. Зараз-жа акружала цішыня, якая абяцала не яду, а небяспеку.

Няволя распесціла Белага Клыка. Усклаўшы на людзей усе клопаты аб уласным пракармленні, ён тым самым страціў частку сваёй сілы. Белы Клык адвык здабываць сабе ежу. Над ім спускалася ноч. Яго пачуцці, прывыкшыя да шуму і руху пасёлка, да бесперапыннага чаргавання гукаў і карцін, не знаходзілі сабе работы. Яму не было чаго рабіць, не было чаго слухаць, не было на што глядзець. Белы Клык напружыў усе свае пачуцці, каб злавіць хоць які-небудзь гук або рух, якія-б нарушалі цішыню і нерухомасць прыроды. У гэтай вымушанай бяздзейнасці хавалася нейкая страшная небяспека.