Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Белы Клык быў яшчэ малады, і яго неакрэпшыя пашчэнкі не маглі наносіць смяртэльных удараў, але ўсё-ж не адзін шчанюк бегаў па пасёлку са слядамі яго зубоў на шыі. І неяк аднаго разу, злавіўшы аднаго са сваіх ворагаў, на ўскраі лесу, ён ухітрыўся пасля некалькіх няўдалых спроб перакусіць яму горла і выпусціў з яго дух вон. У гэты вечар у лагеры ўзнялася мітусня. Яго учынак заўважылі, вестка аб ім дайшла да гаспадара здохшага сабакі, жанчыны прыпомнілі Беламу Клыку усе украдзеныя і кавалкі мяса, і каля Шэрага Бабра сабраўся цэлы натоўп народу. Але ён рашуча закрыў уваход у вігвам, куды быў пасаджан злачынец, і адмовіўся выдаць яго сваім аднапляменнікам.

Белага Клыка зненавідзелі і людзі і сабакі. У гэты перыяд свайго жыцця ён не ведаў ні хвіліны спакою. Кожны сабака вышчараў на яго зубы, кожны чалавек замахваўся на яго. Суродзічы сустракалі яго рыкам, багі-праклёнамі і каменнямі. Белы Клык жыў напружаным жыццём, — заўсёды настаражыўшыся, кожную хвіліну гатовы напасці, адбіць напад або ўхіліцца ад нечаканага ўдару. Ён дзейнічаў імкліва і спакойна, — кідаўся на праціўніка, бліснуўшы клыкамі, і зараз-жа адскакваў назад з пагражаючым рыкам.

Што датычыць рыку, дык рыкаць ён умеў страшней сабак — і старых і маладых. Мэта рыкання — засцерагчы або спалохаць ворага, і трэба добра разбірацца ў тым, калі і пры якіх акалічнасцях трэба пускаць у ход гэты сродак. І Белы Клык ведаў гэта. У свой рык ён укладваў усю лютасць і злосць, усё, чым толькі мог напалохаць ворага. Уздрыгваючыя ад бесперапынных спазмау ноздры, стаўшая дыбам шэрсць, язык, які чырвонай змейкай звіваўся паміж зубамі, прыціснутыя вушы, вочы, якія палалі нянавісцю, губы, якія падзёргваліся, вышчараныя клыкі — прымушалі задумацца многіх яго праціўнікаў. Калі Белага Клыка заставалі знянацку, яму было досыць мінутнай паузы, каб абдумаць план дзеянняў. Але часта пауза гэтая зацягвалася, вяла за сабой поўнае адмаўленне ад бойкі, і рык Белага Клыка скрозь і ўсюды даваў яму магчымасць адступіць з гонарам нават пры сутычках з дарослымі сабакамі.

Выгнаўшы Белага Клыка са сваёй кампаніі і абвясціўшы яму вайну, маладыя сабакі тым самым паставілі