Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яны, да аднаго, пазнаёміліся з зубамі ваўчка, і, трэба аддаць справядлівасць Беламу Клыку, ён адплачваў сваім ворагам у сто разоў. Многіх сабак ён мог-бы перамагчы ў бойцы адзін-на-адзін, але ў гэтым яму было адмоўлена. Пачатак кожнай такой бойкі з'яўляўся сігналам для ўсіх маладых сабак, — яны збягаліся з усяго пасёлка і накідаліся на Белага Клыка.

Варожасць з сабачай зграяй навучыла яго двум важным рэчам адбівацца адразу ад усёй зграі і, маючы справу з адным праціўнікам, наносіць яму як мага большую колькасць ран у найкарацейшы тэрмін. Утрымацца на нагах сярод наступаючых з усіх бакоў ворагаў значыла захаваць сабе жыццё, і Белы Клык уразумеў гэтую навуку дасканальна. Ён умеў трымацца на нагах не горш кошкі. Нават дарослыя сабакі маглі колькі хочаш цясніць яго, — Белы Клык падаваўся ў бок, падскакваў, слізгаў, і ўсё-ж ногі не здраджвалі яму і цвёрда стаялі на зямлі.

Перад кожнай бойкай сабакі звычайна захоўваюць пэўны рытуал — рыкаюць, ходзяць адзін перад адным, шэрсць у іх устае дыбам. Але Белы Клык навучыўся абыходзіцца без гэтага. Усякае затрыманне пагражала з'яўленнем усёй сабачай зграі. Сваю справу трэба рабіць хутка, а затым уцякаць. І Белы Клык навучыўся не паказваць сваіх намераў. Ён кідаўся на ворага без усякага папярэджання і пачынаў кусаць і рваць яго, не даючы нават падрыхтавацца да бойкі. Такім чынам ён навучыўся наносіць праціўнікам нечаканыя і цяжкія раны. Апрача таго, Белы Клык зразумеў, як важна застаць ворага знянацку. Трэба напасці на сабаку нечакана, распароць яму плячо зубамі, парваць у клоччы вуха, перш чым ён паспее апамятацца, — і тады вораг напалову пераможан.

Больш таго: сабаку, якога засталі знянацку, зусім лёгка было збіць з ног; у гэтую хвіліну самае паражальнае месца ў яго на шыі з'яўлялася адкрытым. Белы Клык ведаў гэтае месца. Веданне гэтае дасталося яму па спадчыне ад многіх пакаленняў ваўкоў. І, нападаючы, Белы Клык прытрымліваўся такой тактыкі: па-першае, падсцерагаў сабаку, калі ён быў адзін; падругое, налятаў на яго нечакана і збіваў з ног; патрэцяе, уядаўся яму зубамі ў горла.