Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

завішчэў. Ліп-Ліп, які назіраў з берага за тым, што адбывалася, кінуўся, зваліў Белага Клыка з ног'і ўеўся ў яго зубамі. Белы Клык быў вельмі бездапаможным, каб абараняцца ад Ліп-Ліпа, і яму-б не здабраваць, але Шэры Бобр ударыў шчанюка нагой так, што той узляцеў высока ў паветра, а затым пляснуўся на зямлю футах у дванаццаці ад Белага Клыка. Такая была чалавечая справядлівасць, і Белы Клык, не гледзячы на свой цяжкі стан, не мог не адчуць удзячнасці да чалавека. Ён паслухмяна пацягнуўся за шэрым Бабром праз увесь пасёлак да яго вігвама. І такім чынам Белы Клык запамятаў, што права караць багі пакідаюць за сабой, а ніжэйшых жывёл, падуладных ім, гэтага права пазбаўляюць.

У тую-ж ноч, калі ўсё сціхла, Белы Клык успомніў матку і засумаваў. Але сумаваў ён так голасна, што разбудзіў шэрага Бабра, і той адлупцаваў яго. Пасля гэтага ў прысутнасці багоў ён тужыў паціханьку. Але часам Белы Клык выходзіў адзін на ўскрай лесу і гучна скуголіў і выў там, выказваючы свой сум.

У гэты перыяд ён мог-бы паслухацца голасу мінулага, які клікаў яго назад да пячоры ручая. Але памяць аб матцы стрымлівала яго на месцы. Можа быць, яна вернецца назад у пасёлак, як варочаюцца людзі пасля палявання. і Белы Клык астаўся ў няволі, чакаючы Кіч.

Паднявольнае жыццё не так ужо гняло Белага Клыка. Шмат што ў ім яго цікавіла. Здарэнні навокал адбыва ліся адно за адным. Дзіўным учынкам, якія рабіліся багамі, не было канца, а Белы Клык заўсёды адрозніваўся цікаўнасцю. Апрача таго, ён навучыўся ладзіць з Шэрым Бабром. Паслухмянасць, строгая, безадмоўная паслухмянасць патрабавалася ад Белага Клыка; тады можна было унікнуць лупцоўкі і стварыць сабе зноснае жыццё.

А часам здаралася нават, што Шэры Бобр сам кідаў Беламу Клыку кавалак мяса і, пакуль той еў, не падпускаў да яго другіх сабак. І такому кавалку не было цаны. Ён цаніўся чамусьці больш, чым дзесятак кавалкаў, стрыманых з рук жанчын. Шэры Бобр ні разу не пагладзіў і не прылашчыў Белага Клыка. І, можа быць, цяжар яго рукі ці яго справядлівасць і магутнасць,