Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

завыў. Але Белы Клык не дау яму дакончыць. Ён кінуўся на Ліп-Ліпа і ўчапіўся яму зубамі ў заднюю лапу. Уся ваяўнічасць пакінула шчанюка, і ён пусціўся ганебна ўцякаць, а яго афяра гналася за ім па пятах і не адчапілася да таго часу, пакуль Ліп-Ліп не дабег да свайго вігвама. Тут на выручку яму падаспелі індзіянкі, і Белы Клык, які ператварыўся ў раз'юшанага д'ябла, адступіў толькі пад градам ляцеўшых у яго каменняў.

Надышоў дзень, калі Шэры Бобр адвязаў Кіч, парашыўшы, што цяпер яна ўжо не ўцячэ. Белы Клык быў у захапленні, бачачы матку на волі. Ён з радасцю адправіўся блужаць з ёй па ўсяму пасёлку, і пакуль Кіч была блізка, Ліп-Ліп трымаўся ад Белага Клыка на значнай адлегласці. Белы Клык нават натапырваўся і падыходзіў да яго з задзёрыстым выглядам, але Ліп-Ліп не прымаў выкліку. Ён быў не дурны і парашыў пачакаць з помстай да таго часу, пакуль не сустрэнецца з Белым Клыкам адзін-на-адзін.

У той-жа дзень Кіч з Белым Клыкам вышлі на ўскрай лесу, з якім межаваўся пасёлак. Белы Клык паступова, крок за крокам, адводзіў туды матку, і калі яна спынілася на ўскраі лесу, ён паспрабаваў зацягнуць яе далей. Ручай, логава і спакойны лес вабілі да сябе Белага Клыка, і ён хацеў, каб маці пайшла разам з ім. Ён адбегся на некалькі крокаў, спыніўся і паглядзеў на яе. Яна стаяла, не рухаючыся. Белы Клык жаласліва заскавытаў і, гуляючы, пачаў бегаць сярод кустоў. Затым вярнуўся, лізнуў яе ў морду і зноў адбегся. Але маці ўсё-ж не рухалася. Белы Клык стаяў, гледзячы на яе, і здавалася, што настойлівасць і нецярпенне ўсяліліся раптам у цела ваўчка і затым павольна пакінулі яго, калі Кіч павярнулі паглядзела на лагер.

Далеч клікала Белага Клыка. І маці чула гэты кліч. Але яшчэ ясней яна чула кліч агню і чалавека, — кліч, на які з усіх звяроў адгукваецца толькі воўк-воўк і дзікі сабака, бо яны браты.

Кіч павярнулася і павольнай рысцой пабегла назад. Жыццё лагера трымала яе ў сваёй уладзе мацней усякай прывязі. Нябачнымі, таямнічымі шляхамі багі заўладалі ваўчыцай і не адпускалі яе ад сябе. Белы Клык сеў пад цяністай бярозай і ціха заскуголіў. Пахла хвояй, раскошныя лясныя араматы напаўнялі паветра, напамі-