Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сварку і біўся з Белым Клыкам да таго часу, пакуль той не ўцякаў прэч.

Нарэшце амаль усё шчанячае, што было ў Белым Клыку, знікла, і ён пачаў здавацца значна старэй свайго ўзросту. Пазбаўлены магчымасці даваць выхад сваёй энергіі ў гульні, ён замкнуўся ў сабе і пачаў развівацца разумова. У Белым Клыку з'явілася хітрасць; у яго было дастаткова часу, каб абдумваць свае ўчынкі. З прычыны таго, што яму перашкаджалі атрымліваць сваю долю мяса і рыбы ў часе агульнага кармлення сабак, ён зрабіўся спрытным злодзеем. Прыходзілася самому прамышляць для сябе, і Белы Клык навучыўся рабіць гэта так майстэрскі, што зрабіўся сапраўдным бічом для індзіянак. Ён шмыгаў па ўсяму пасёлку, ведаў, дзе што робіцца, усё бачыў і чуў, прыстасоўваўся да акалічнасцей і навучыўся ўнікаць сустрэч са сваім непрымірымым ворагам.

Яшчэ ў самым пачатку варожасці з Ліп-Ліпам Белы Клык злосна пажартаваў над сваім ворагам і ўпершыню адчуў асалоду помсты. Белы Клык прыкладна тым-жа спосабам заманіў Ліп-Ліпа прама ў раз'юшаную пашчу Кіч, як яна калісьці заманьвала сабак і адводзіла їх ад людской стаянкі на з'яданне ваўкам. Ратуючыся ад Ліп-Ліпа, Белы Клык пабег не прама, а пачаў кружыць паміж вігвамамі. Бегаў ён добра, хутчэй любога шчаняці яго ўзросту і хутчэй самога Ліп-Ліпа. Але на гэты раз ён не асабліва спяшаўся і падпусціў свайго праследавальніка на адлегласць усяго толькі аднаго прыжка ад сябе.

Узбуджаны пагоняй і блізкасцю афяры, Ліп-Ліп пакінуў усякую асцярожнасць і забыўся, дзе ён знаходзіцца. Калі ён успомніў пра гэта, было ўжо позна. На ўсім бягу абагнуўшы вігвам, ён зразмаху наляцеў прама на Кіч, якая ляжала на прывязі. Ліп-Ліп завыў ад жаху. Хоць Кіч і была прывязаная, але адчапіцца ад яе было не так лёгка. Ліп-Ліп ужо не мог уцячы, таму што Кіч збіла яго з ног і пачала кусаць і рваць сваю афяру.

Адкаціўшыся, нарэшце, ад ваўчыцы ўбок, Ліп-Ліп ледзь падняўся на ногі, увесь ускудлачаны, пабіты і фізічна і маральна. Шэрсць яго тырчэла клоччамі ў тых месцах, дзе па ёй прайшліся зубы Кіч. Ліп-Ліп раскрыў пашчу і, не сходзячы з месца, прарэзліва, па-шчанячаму