Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

наючы яму аб ранейшым вольным жыцці, на змену якому прышла няволя. Але Белы Клык быў усяго-толькі шчанюком, і кліканне маткі даносілася да яго ясней, чым кліч Лясной Глушы або чалавека. Ён спадзяваўся на яе ва ўсім. Незалежнасць была яшчэ ўперадзе. І Белы Клык устаў і сумна пацягнуўся ў лагер, спыніўшыся па дарозе разы два, каб паскуголіць і прыслухацца да клічу, які ўсё яшчэ даносіўся з ляснога гушчару.

У Лясной Глушы матка і дзяцёныш вельмі нядоўга жывуць адно каля аднаго, але людзі часта скарачаюць і гэты кароткі тэрмін. Так было і з Белым Клыкам. Шэры Бобр завінаваціўся другому індзейцу, якога называлі Тры Арлы. А Тры Арлы адходзіў уверх па рацэ Макензі на Вялікае Нявольнічае Возера. Кавалак чырвонай матэрыі, мядзвежая скура, дваццаць патронаў і Кіч пайшлі на выплату доўга. Белы Клык бачыў, як Тры Арлы ўзяў яго матку да сябе ў пірогу, і хацеў пайсці за ёй. Ударам кулака Тры Арлы зваліў яго назад на бераг. Пірога адплыла. Белы Клык скочыў у ваду і паплыў за ёй, не звяртаючы ніякай увагі на крыкі шэрага Бабра. Белы Клык не паслухаўся нават голасу чалавека — так баяўся ён страціць Кіч.

Але багі прывыклі, каб ім пакараліся, і разгневаны Шэры Бобр спусціў на ваду пірогу і паплыў наўздагон за Белым Клыкам. Дагнаўшы яго, ён працягнуў руку, выцягнуў ваўчка за шыварат з вады, але не адразу кінуў на дно пірогі. Адной рукой трымаючы Белага Клыка над пірогай, другой ён вельмі балюча яго адлупцаваў. Вось гэта дык была лупцоўка! Рука ў індзейца была цяжкая, удары былі разлічаны правільна і сыпаліся адзін за адным.

Пад градам гэтых удараў то з аднаго, то з другога боку Белы Клык раскачваўся ўзад і ўперад, як маятнік, які сапсаваўся. Самыя рознастайныя адчуванні хвалявалі яго ў гэты час. Спачатку ён здзівіўся. Затым ім апанаваў страх, і Белы Клык пачаў вішчэць пры кожным удары. Але страх хутка змяніўся злосцю. Свабодалюбівая натура дала сябе адчуць, — Белы Клык вышчарыў зубы і бясстрашна зарыкаў прама ў твар разгневанаму божаству. Божаства разгневалася яшчэ больш.